weather

USD 2.5354

EURO 3.0615

RUR(100) 3.4206

search

Што такое чысцец?

У католікаў існуе паняцце чыстца – часовага пасмяротнага стану людзей. Хрысціяне-католікі шмат моляцца пры памерлым, а потым яшчэ і на працягу 30 дзён, каб памагчы яму адпакутаваць, хутчэй ачысціцца і, па магчымасці, дасягнуць неба. У праваслаўных і іншых хрысціянаў такое паняцце адсутнічае. Нашы чытачы просяць расказаць пра сутнасць гэтага паняцця.

Кожны чалавек раней ці пазней задумваецца над сэнсам свайго жыцця. Кожнага цікавіць, што будзе пасля таго, як ён памрэ?

Імкнучыся асэнсаваць і растлумачыць гэтую ісціну веры, першыя пакаленні старажытных хрысціянаў і першыя айцы Касцёла пачалі гаварыць пра чысцец як часовы пасмяротны стан некаторых людзей.

Ксёндз Андрэй Рылка.
Ксёндз Андрэй Рылка.

Тэалагічнае тлумачэнне дае ксёндз Андрэй Рылка – рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі  імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

Гэтае вучэнне з часам станавілася ўсё больш выразным. Праўда пра чысцец была афіцыйна акрэсленая і пацверджаная Касцёлам спачатку на Фларэнційскім Саборы (1439–1442гг., пар. №1304), а пасля на Трыдэнцкім (1545–1563гг., пар. №1820).

Ва ўсходняй (праваслаўнай) традыцыі паняцце “чысцец” не прынялося, хоць ужывалася вялікімі айцамі Усходу (св. Грыгорый Вялікі, Дыялогі, 4, 39). Ва ўсходнехрысціянскай традыцыі існуе блізкае, хоць і напоўненае крыху іншым сэнсам паняцце “мытарстваў душы”.

Паводле праваслаўных тэолагаў, душа пасля смерці перажывае шлях не столькі ачышчэння, колькі даследавання, своеасаблівага экзамену з зямнога жыцця. Яна праходзіць адпаведныя этапы тагасветнага шляху (дэманаў, анёлаў), на якіх вырашаецца, ці будзе душа схопленая дэманамі і перанесеная ў пекла ці ўсё ж такі дойдзе да неба.

Праваслаўныя багасловы адмовіліся выразна акрэсліваць вучэнне аб мытарствах душы, матывуючы гэта тым, што тэолагі могуць памыляцца ў сваіх высновах. Таму ў практыцы і па сутнасці дактрына не адрозніваецца ад каталіцкай, але мае іншыя багаслоўскія акцэнты і тэрміналогію.

Некаторыя аўтары з іншых хрысціянскіх канфесій, намагаючыся пакрытыкаваць каталіцкае вучэнне пра чысцец, часта як аргумент выкарыстоўваюць сцвярджэнне, што паняцця “чысцец” няма ў Бібліі.

У адказ ім можна прывесці мноства іншых паняццяў, якія з`яўляюцца падмуркам іх веравучэння, але адсутнічаюць у Бібліі. Напрыклад, усе хрысціяне вераць у Бога Адзінага ў Тройцы, але такога паняцця ў Бібліі няма – гэта тэалагічная выснова са Святога Пісання. У Бібліі многія паняцці не ўжываюцца наўпрост, але гэта не значыць, што яны не існуюць або не могуць існаваць.

Паводле вучэння Касцёла, чысцец – гэта пасмяротны, часовы, балесны стан некаторых людзей, якія перажываюць працэс ачышчэння на шляху да неба, каб дасягнуць святасці, неабходнай для поўнага паяднання з Богам (пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла”, 1030–1031).

Найперш трэба мець правільнае тэалагічнае разуменне неба і пекла. У пекла ідуць тыя, хто дабравольна адкінуў Бога, упадаючы ў цяжкі грэх, і, паміраючы, не пакаяўся, не адкінуў гэты грэх.

У неба адразу ідуць тыя, хто ў момант смерці прыняў Хрыстовае ачышчэнне ад грахоў праз шчырае пакаянне. Выразным знакам і пацвярджэннем прынятага Богам перадсмяротнага пакаяння з`яўляецца споведзь (сакрамант пакаяння), а таксама Віятык (св. Камунія) і сакрамант намашчэння.

Сакрамант – гэта не гарант добрай падрыхтоўкі на шляху да неба. Але нават той, хто не паспеў перад смерцю прыступіць да святых сакрамантаў, але з усёй шчырасцю перажыў пакаянне за так званыя лёгкія грахі, маюць шанц трапіць на неба.

Жыццёвая практыка паказвае, што ёсць нямала людзей, якія паміраюць не ў святасці, хаця любяць Бога, але гэтая любоў прыцемненая зямнымі клопатамі, рознымі прывязанасцямі і неўпарадкаванасцю. Такі стан веруючай асобы прыводзіць да неспакою, неабходнасці ўпарадкаваць унутраны хаос, ачысціцца, каб “спачыць у Богу”.

Такому “кандыдату ў неба” трэба спачатку перажыць ачышчэнне ад наступстваў сваіх грахоў і толькі пасля цешыцца паўнатою неба. Вось гэты прамежкавы стан “не цалкам гатовых” быць адразу ў небе Касцёл і называе чыстцом. Памерлы імкнецца да Бога, але паяднацца з ім перашкаджаюць наступствы зямных грахоў, ад якіх неабходна ачысціцца.

Біблійнаю асноваю вучэння пра чысцец з`яўляецца старазапаветны прыклад Юды Макабея, які са сваімі паплечнікамі складаў Богу ахвяру за грахі памерлых, якія не паспелі ачысціцца перад смерцю (пар. 2 Мак 12, 40). І, як сведчыць Святое Пісанне, Бог прыняў іх малітву і ахвяру, і памерлыя былі прабачаныя Госпадам (пар. 2 Мак 12, 40-45).

У Новым Запавеце сам Хрыстус распавядае пра грахі, якія не будуць прабачаныя Богам ні ў зямным жыцці, ні пасля смерці (пар. Мц 12, 31-32), а гэта значыць, што існуе магчымасць ачышчэння ад грахоў і пасля смерці. Узгадаем, што і Пасланні Св. Апостала Паўла прасякнуты вучэннем аб існаванні пасмяротнага ачышчэння (пар. 1 Кар 3, 13-15).

Вера хрысціянаў у існаванне пасмяротнага стану чыстца была ад самага пачатку, ад Апосталаў і іх вучняў. Найбольш аўтарытэтныя і святыя айцы першых пакаленняў хрысціянаў і на працягу наступных стагоддзяў нязменна пацвярджалі гэтую праўду Бібліі і веры (Св. Кірыл Александрыйскі, Арыген, Св. Аўгустын, Св. Ян Залатавуст, Св. Грыгорый Вялікі, Св. Вінцэнт Палоцці і інш.).

Больш падрабязна можна прачытаць у часопісе “Авэ Марыя”, №11 за 2017 год.

Из рубрики
Top