У Ганцавічах на могілках успаміналі продкаў
Католікі Ганцаўшчыны 1 лістапада адзначылі Дзень усіх святых, а 2 лістапада ўшанавалі памяць памерлых на могілках. Таксама ў гэты дзень традыцыйна адзначаюцца Дзяды — дзень памяці па продках.

Фото: Вернікі на каленях моляцца за жывых і памерлых / Фото: Аляксандр Пазняк
На могілках у нядзелю
У нядзелю 1 лістапада на могілках было нямала народу. Людзі зграбалі апаўшае лісце, сухую траву, запальвалі свечкі, чысцілі і прыбіралі магілы. Алена Дзенісеня прыйшла, каб пазмятаць лісце з магілы былой суседкі, дачка якой жыве ў Мінску і ў сувязі з каранавірусам ня можа прыехаць у Ганцавічы.

Яна кажа:
“Памерлая Марыя Маісееўна была для мяне, як маці. Заўсёды пазычала мне грошы, адносілася да мяне, як да сваёй. Я была тут ня так даўно. Але прыйшла зноў, каб запаліць свечкі і прыбраць тое, што апала за два дні з дрэў”.

Ірына Дрозд прыйшла на могілкі, каб прыбраць магілы сваіх бацькоў. Яна таксама пенсіянерка. Працавала некалі на КПД, потым у вайсковай частцы. Дзеці ганцаўчанкі дарослыя і жывуць у іншых месцах. Для Ірыны прыходзіць на могілкі — абавязак дбаць пра сваіх бацькоў.
—Мая маці Рэгіна Паўлаўна памерла ў 1992 годзе, а бацька жыў доўга і памёр у 2006 годзе ва ўзросце 88 год. А цётка жыла яшчэ больш — 95. Мне ёсць, што рабіць тут, — кажа Ірына.

Алена Сівуха прыйшла на могілкі да бацькоў разам з унукам школьнікам Арцёмам, які жыве ў Мінску. Ён завітаў да бабулі на восеньскі канікулы. Бацькі Алены з Рэчыцы Гомельскай вобласці, але воляй лёса трапілі ў Ганцавічы, дзе тата працаваў прарабам у ПМК-63.
—Я хаджу на могілкі на Дзяды з 1995 года. Тут пахаваны мой тата і маці. Многія людзі прыходзяць сюды ў незалежнасці ад канфесіі, каб зажэгчы свечы. Для мяне — гэта самае святое, каб пабыць на могілках 1 лістапада, — зазначыла Алена Сівуха.

Дзяды
Дзяды — свята, калі памінаюць памерлых продкаў. Адзначаецца яно таксама ў некаторых нашых суседзяў: палякаў, украінцаў, літоўцаў. Аднак толькі ў беларусаў яно мае адметную аўтэнтыку і архаічнасць.
Звычайна ў гэты дзень наведваюць могілкі. Усе родзічы збіраюцца на сумесную вячэру, дзе ўспамінаюць бацькоў і дзядоў, якія некалі жылі і настаўлялі сваіх дзяцей. У ранейшыя часы лічылася, што душы памерлых прыходзілі і частаваліся разам з жывымі. Таксама прынята было да раніцы застаўляць частку ежы на стале для продкаў.

Восеньскія Дзяды адзначаюць 2 лістапада штогод. У сярэдзіне 90-ых Дзяды былі чырвоным днём календара. Аднак цяпер гэту дату прыбралі са святочных і не надаюць такога значэння, як раней.

Памінальная літургія
У 13 гадзін дня 2 лістапада распачалася памінальная літургія на старых могілках. Шмат хто з вернікаў прыйшоў у масцы ад “кароны” і дзясяткі чалавек трымаліся на адлегласці адзін ад аднаго.
Пробашч касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-доктар Ян Саламон зачытаў спісы тых, каго хацелі памянуць вернікі ў гэты дзень. Пасля былі спевы і чытанне Слова Божага.

Ксёндз чытаў 11 раздзел Дабравесця паводле Яна пра ўваскрашэнне Хрыстом Лазара. Пасля гэтага гучала пропаведзь аб жыцці і смерці. Ян Саламон засяродзіў увагу прысутных на тым, што жыццё і смерць не ў нашай воле, але ў кожнага чалавека павінна быць надзея на Бога.

—Бог не з’яўляецца Тым, Хто стварыў смерць. Бог ёсць Богам жывых. Ісус уваскрашае мёртвых. Ён уваскарасіў Лазара і Сам уваскрос, перамогшы смерць. Ён дае новае жыццё кожнаму, хто з верай прыходзіць да Яго! — прамовіў Ян Саламон.

Таксама ён акцэнтаваў увагу на важнасці хрышчэння і пакаяння перад Богам кожнага чалавека. Па яго словах, хрышчэнне – гэта паказнік таго, што мы дзеці Божыя. І заклікаў умацоўвацца ў веры, надзеі і любові.
—Як ты нарадзіўся, ты плакаў, а ўсе радаваліся. Памры так, каб усе плакалі, а ты радаваўся. Бог дае новае непраходзчае жыццё. У Апакаліпсісе сказана, што вернікаў чакае месца, дзе няма слёз, хвароб, зла, а ёсць поўня любові, — дадаў святар.
Пасля вернікі маліліся стоячы на каленях, спявалі духоўныя песні. Кожны жадаючы мог запрасіць ксяндза асвяціць магілку сваіх блізкіх.
