weather

USD 2.598

EURO 3.1209

RUR(100) 3.3814

search

Кіраўнік католікаў па вяртанні ў Беларусь цалаваў зямлю

Каталіцкі мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь з Польшчы і правёў сёння святочныя набажэнствы.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч / Фото: yandex

Гэтага ён не мог зрабіць са жніўня, калі паехаў да сваіх родных на Беласточчыну. Яго абвінавацілі, што нібыта ў суседнюю краіну ён ездзіў за інструкцыямі па разбурэнню Беларусі.

Каталіцкі ерарх актыўна выступаў за спыненне гвалту ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. Сітуацыя з вяртаннем Кандрусевіча ў Беларусь вырашалася пасля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўніком Ватыкана Клаўдыё Гуджэроцці 17 снежня.

Аляксандр Лукашэнка ўсё ж дазволіў 74-гадоваму мітрапаліту вярнуцца ў Беларусь, у якую ён прыехаў 24 снежня. У краіне яго не было каля чатырохх месяцаў.

А сёння, 25 снежня, Тадэвуш Кандрусевіч правёў некалькі святочных набажэнстваў у Мінскім архікатэдральным касцёле. Каталіцкія вернікі сустрэлі свайго кіраўніка апладысментамі.

У каляднай пропаведзі Кандрусевіч адзначыў, што Беларусь у гэты час апынулася ў складаных умовах палітычнага крызісу і каранавіруснай пандэміі. У набажэнстве таксама прыняў удзел апостальскі нунцый Антэ Езіч, які нядаўна прыбыў да нас з Ватыкану.

Традыцыйна мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выступаў па тэлебачанню 25 снежня. Але ў гэтым годзе было заяўлена, што выступіць праваслаўны мітрапаліт Веніамін з прамовай на дзень памяці святога Спірыдона, епіскапа Трыміфунцкага.

На сустрэчы з журналістамі мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў:

«Дзе б я ні быў, дзе б ні служыў, я заўсёды памятаю пра Беларусь, гэта мая радзіма. І сёння, калі я перасёк мяжу, я папрасіў кіроўцу спыніцца, я стаў на калені, падзякаваў Богу за вяртанне, пацалаваў зямлю. Гэта мая зямля, я вырас на ёй, я хачу тут быць, я хачу тут служыць. Я ніколі не выступаў супраць Беларусі, заўсёды абараняў яе інтарэсы і буду гэта рабіць далей». 

Кіраўнік католікаў па вяртанні ў Беларусь цалаваў зямлю
Вернікі прымаюць аплаткі ад ксяндза Яна Саламона ў Ганцавічах / фота: Аляксандр Пазняк

У Ганцавічах ў касцёле Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі падчас святочнага набажэнства 24 снежня зачытвалася віншаванне не ад апальнага каталіцкага лідара, а ад біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі, які пажадаў усім свету, міру, цяпла ад Езуса Хрыста. Ксёндз Ян Саламон звяртаў увагу прысутных на радасць, якую нясе свята Ражства Хрыстова.

Кіраўнік католікаў па вяртанні ў Беларусь цалаваў зямлю
Прамова ксяндза Яна Саламона ў Ганцавіцкім касцёле / фота: Аляксандр Пазняк

У Ганцавічах сёння, 25 снежня, падчас святочных мерапрыемстваў каталіцкія вернікі маліліся за свайго ксяндза, які мае пэўныя праблемы са здароўем, а таксама за Беларусь. У касцёле ня гледзячы на пандэмію каранавіруса было шмат вернікаў усіх узростаў.

Святочныя мерапрыемтсвы працягваюцца ў касцёлах па ўсёй Беларусі. У нашай краіне налічваецца каля 1.5 мільёнаў католікаў.

Чытайце таксама: Католікі ў Ганцавічах святкуюць Нараджэнне Хрыста

Кіраўнік католікаў па вяртанні ў Беларусь цалаваў зямлю
Вернікі касцёла Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ганцавічах / фота: Аляксандр Пазняк
Материалы по теме
Top