weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Хто чужаніцы? Якуб Колас пра падзел Беларусі 1921 г.

Радкі, якія сталі першай часткай назвы гэтага артыкула, напісаў Якуб Колас у сувязі з чарговай дзяльбой беларускіх зямель: 18 сакавіка 1921 г. бальшавіцкая Расія і панская Польшча падпісалі мірны дагавор, разадраўшы Беларусь на кавалкі. Нашы землі, як і радзіма народнага паэта Стаўбцоўшчына,  засталіся на польскім баку мяжы. Пясняр вельмі перажываў. У чым жа і ў кім ён бачыў прычыну нацыянальнай драмы?

Здымак Якуба Коласа 50-х гадоў XX стагоддзя
Здымак Якуба Коласа 50-х гадоў XX стагоддзя / Фото: Фота з фонду Дзяржаўнага літаратурнага музея Якуба Коласа

Радзіму хацеў паэт бачыць вольнай. Ён вярнуўся ў Менск (так тады афіцыйна называлася сталіца) з Курскай губерні, дзе было яму нясоладка.
“Скажу табе, дружа, татарскі тут народ”, – пісаў адтуль паэт да Купалы. Пасля прыезду  на радзіму Колас шмат чаго не ўпадабаў. Але самай балючай ранай стаў падзел Беларусі, якую тады брутальна распалавінілі, навязваючы на абедзвюх частках каланізацыйныя парадкі. І калі датуль антысаветызм Якуба Коласа быў яшчэ дастаткова аморфным, то ў 1921 г. ён канкрэтызуецца. Пра гэта сведчаць яго многія вершы 1921 г.: “Родныя малюнкі”, “Дубы”, “Беларускаму люду”. Некаторыя радкі апошняга з названых ужо шырока вядомы нават масаваму чытачу:
Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі без нас?
Раны глыбокі, ох, яшчэ свежы!
Помсты агонь не пагас.
Нас падзялілі — хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!..
Нашы тут гоні, бары!
<…>
Родны вы сэрцу нашаму, гмахі
Лесу, лугоў і палёў!
Досыць ўшчувалі нас паны-ляхі,
Ведаем ціск маскалёў…
Фактычна ў гэтым творы Якуб Колас як грамадзянін выяўляе сябе напоўніцу, не хаваючыся за далікатна лірычнымі інтанацыямі алегорый. Прычым тут паэт не абмяжоўваецца, як гэта рабіў уперад, канстатацыяй і ўздыханнямі-нараканнямі на долю беларускага народа, а адкрыта заклікае:
Люд! Праканайся: толькі мы самі –
Долі сваёй кавалі!
Годзі жа, досыць панукаць намі,
Гнаць з нашай роднай зямлі!

Прычым – што важна – гнеў Якуба Коласа скіраваны аднолькава і супраць палякаў, і бальшавікоў. Паміж абодвума бакамі паэт не робіць адрознення.
Антысавецкія матывы, іншы раз з акцэнтам на тэме падзелу Беларусі ворагамі-чужаніцамі, не абмінаў Якуб Колас і пры дапісванні самага славутага свайго (дый усёй беларускай літаратуры) твора – паэмы “Новая зямля”. У перыяд 1921 – 1923 гг. былі створаны 17 (з усіх 30) раздзелаў паэмы. У гэтых раздзелах, напісаных ужо ў Савецкай Беларусі, выпады супраць сучаснасці асабліва вострыя (нават у параўнанні з ранейшымі, у тым ліку астрожнымі, раздзеламі). І тэма падзелу зноў баліць. Паэт, які адчувае сваё перабыванне пад Саветамі, як пад “варожай пятою” (выраз з апошняга раздзела “Новай зямлі”, датуемага 1922 – пачаткам 1923 гг.), дэкларуе, што “нявіднымі ніцямі” “моцна-моцна звязан” з “малюнкамі роднае краіны”, хоць і зараслі “пуцявіны / У гэты мілы мой куточак”:

І зараслі не палынамі,
Не крапівой, не драсянамі,
Не чаратом, не лебядою –
А беларускаю бядою.
Ды покі будзе сэрца біцца,
Яно не зможа пагадзіцца
Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою
Над нашай роднаю зямлёю…

Паэт праклінае “вусны, рукі”, якія на “мілы край адвечнай мукі” “ланцуг кавалі / І ў твар зняважліва плявалі!”, разам з тым выражаючы надзею,
Што хоць не мы, дык нашы дзеці
Убачаць цэльным цябе ў свеце!

У гэтых словах бачыцца і страчванне надзеі – на тое, што сам аўтар некалі ўбачыць “цэльным” родны край, вольным ад вышэй згаданых чужаніцаў. Аднак, як відаць, ступень рэзкасці ў раздзелах, створаных Якубам Коласам апошнімі, ніжэйшая. Верагодна, тут спрычыніўся і той фактар, што пасля лета 1922 г. у Савецкім Саюзе друкаванае слова становіцца падцэнзурным.
З гэтай прычыны паэт вымушаны перапісаць па-новаму паэму «Сымон-музыка». Найперш Якуб Колас прыбірае рэлігійныя матывы і выпады супраць расіян (знікае онім «маскаль»), перароблівае развязку на аптымістычны лад. Адзін з момантаў перапісвання твора, які меў і прамежкавы варыянт – згубленую ці скрадзеную так званую другую рэдакцыю – і сёння застаецца дарэшты нявысветленым. І гэты момант звязаны наўпрост з вяртаннем паэта да тэмы падзелу Беларусі ў 1921 г.

У моцна змякчонай трэцяй рэдакцыі тым не менш засталіся радкі аб тым, што
З двух бакоў “айцы” дубінай
Заганялі нас у рай!
Кроў лілася ручаямі,
Здрада чорная расла,
Што папамі і ксяндзамі
Ў сэрцы кінута была.
І цяпер над вамі, брацце,
Яшчэ ў сіле той раздор
І папоўскае закляцце
І ксяндзоўскі нагавор.

У новым сацыяльна-палітычным кантэксце з улікам адносін аўтара да савецка-польскага падзелу яго радзімы і адносін да савецкай улады на той час у цэлым гэты ўрывак атрымлівае інтэпрэтацыю, скіраваную супраць абодвух бакоў падзелу. Прынамсі да такога прачытання схіляюць падкрэсленыя намі радкі, у якіх аўтар прызнаецца, што ранейшае становішча застаецца “ў сіле”.
Непасрэдна тэма падзелу ўсплывае таксама ў наступных радках паэмы:

Родны край! ты разарваны
І на захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сцягвае гужы…

Гэта страфа некаторымі даследчыкамі літаратуры, а таксама малодшым сынам Песняра Міхасём Міцкевічам бачыцца змененай праз прыбіранне з кантэксту дзяльбы расійскага боку. М. Міцкевіч часта падкрэслівае пазіцыю бацькі стасоўна падзелу, адстойваючы бацькава аўтарства страфы, якая ўпершыню была надрукавана ў мюнхенскім выданні паэмы “Сымон-музыка” У ім Ант. Адамовіч паведамляе, што ў другой рэдакцыі (1924 г.) Якуб Колас пісаў і пра “ляхаў”, і пра “маскалёў”, кажучы, што “мясьціна гэтая сваім часам сталася ведамай у некаторых менскіх навучальных установах, дзе тады выкладаў сам Колас”.
Беларуская тэксталагічная навука пакуль не пагаджаецца з меркаваннем М. Міцкевіча. Гэта версія застаецца дакументальна не пацверджай і з гэтай прычыны не ўводзіцца акадэмічнымі тэкстолагамі ў навуковы ўжытак, што пакідае яшчэ адну таямніцу гісторыкам літаратуры. Хаця аб тым, што другая рэдакцыя мела хутчэй за ўсё яўны антысавецкі (ці як мінімум непажаданы для бальшавікоў) змест і, такім чынам, не задавольвала бальшавіцкіх цэнзараў, ускосна сведчыць адсутнасць чарнавікоў і Коласавых каментарыяў (калі не браць пад увагу агульныя словы, сказаныя аўтарам нібы для адчэпнага: маўляў, скралі, перарабіў і да т.п.).

Як бачна, падчас сацыяльна-палітычных навальніц на Беларусі, пачынаючы ад заканчэння Першай сусветнай вайны, калі краіну рвалі на кавалкі з розных бакоў імперыялісты, Якуб Колас ператвараецца з патрыёта (ад пачатку нават даволі лакальнага “роднага кута”) у грамадзяніна з пазіцыямі, якія можна назваць нацыяналістычнымі (бальшавікі так і ўспрынялі іх), у выніку чаго падзел Беларусі, міралюбіва замацаваны ў Рызе 18 сакавіка 1921 г. выклікаў у паэта буру эмоцый, скіраваных супраць абодвух распарадчыкаў доляй беларускага народа і самога Канстанціна Міцкевіча.

Новости

Из рубрики
Top