weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Доля ваша такая, культработнікі!

У мінулую пятніцу, 7 кастрычніка, работнікі ГДК віталі сваіх калег па працы, якія прыйшлі сюды на святочную нараду, прысвечаную прафесійнаму святу, – Дню работнікаў  культуры. Само ж свята адбылося ў нядзелю,     9 кастрычніка, але большасць з культработнікаў сустрэла яго не за святочным сталом, а на працоўным месцы. Такая ўжо ў іх доля…

“У мяне нядаўна спыталіся, а як святкаваць будзем – адпачнем ці зноў на працы? Канешне, на працы! А як жа інакш, мае даражэнькія, без вас не будуць працаваць бібліятэкі, клубы, гурткі, дыскатэкі! Доля ваша такая – калі ўсе адпачываюць, працаваць, несці культуру да народа”, – сказала на нарадзе загадчык аддзела культуры Ганцавіцкага райвыканкама Ірына Марцінкевіч.

Святочная нарада пачалася з падвядзення вынікаў працы і, вядома ж, падарункаў – дыпломаў, грамат і грашовых прэмій. Па словах Ірыны Марцінкевіч, у райаддзеле культуры Ганцаўшчыны працуе 150 чалавек, людзі – універсалы, прафесіяналы. Менавіта яны прыцягнулі ў свае рады болей за 200 чалавек, якія актыўна ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці. Таксама ў раёне 150 чалавек займаюцца ў розных гуртках, а бібліятэкі прыцягваюць увагу болей за 15 тысяч чытачоў (гэта палова жыхароў нашага раёна).

“Спраўдзілася мая мара, над якой я ўвесь час працую – каб кожная ўстанова культуры нашага раёна мела свой твар, такі, як напрыклад, музей рыбы ў Лактышах ці тэатр “Усмешка” дзіцячай бібліятэкі, – сказала Ірына Барысаўна. – Наогул, любая справа ладзіцца, калі за яе бярэцца прафесіянал. А вы прафесіяналы, і вам не трэба казаць, што на працы трэба “гарэць”. Трэба ісці ў нагу з часам, бо калі рабіць з адставаннем, то любая праца губіцца на карню”.

Ірына Барысаўна ўзгадала абласное свята народнай культуры “Пад дахам дома твайго”, рэспубліканскае свята Дзень беларускага пісьменства, спецыяльную прэмію Рэспублікі Беларусь, якую атрымаў Дом рамёстваў, а таксама розныя конкурсы і намінацыі, у якіх ганцаўчане прымалі ўдзел і былі адзначаны ўзнагародымі і тытуламі.

За плённую працу “мэтры” культуры прымалі падарункі. Граматы аддзела культуры атрымалі Тамара Курылік (бібліятэкар філіяла раёнай бібліятэкі) і Ірына Кавалеўская (настаўнік па класу фартэпіяна дзіцячай школы мастацтваў), Наталля Валасюк, загадчыца аддзела камплектацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі. Лісты падзякі атрымалі метадыст Мікалай Ленкавец, Міхаіл Лашко, мастак Валянціна Прышчэпа, бібліятэкар в. В. Круговічы Наталля Фядосава. Грашовымі прэміямі адзначылі культработнікаў Наталлю Аляксейчык, Алену Волах, Алену Шпакаву, Алену Казак, Галіну Ціхан, Таццяну Курылік і іншых.

Ганаровай граматай абкама прафсаюзаў узнагародзілі Галіну Курбанаву, вядучага спецыяліста аддзела культуры райвыканкама, Ірыну Сплендзер, выкладчыцу па класу баяна ДШМ, Тамару Курылік, бібліятэкара раённай бібліятэкі.

Яшчэ адна выступоўца – старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў культуры Наталля Валасюк выйшла на святочную сцэну ў трэці раз. “Спачатку я прымала віншаванні, а цяпер і сама хачу павіншаваць”, – хвалюючыся, сказала яна. Дыплом Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў культуры яна ўручыла фальклорнаму калектыву “Каляда” з вёскі Агарэвічы, кіраўніком якога з’яўляецца Ала Скарагод.

Узнагароду калектыў заслужыў за выступленні перад хлебаробамі падчас жніва.
Пасля афіцыёзу пачалося музычнае віншаванне, якое падрыхтавалі супрацоўнікі Любашаўскага СДК, фальклорны калектыў з в. Боркі і супрацоўнікі раённага метадычнага цэнтра. Тут былі і песні, і гумарыстычныя пастаноўкі. Асабліва гледачам спадабаліся гумарыстычнае папуры пра культработнікаў Ганцаўшчыны і прыпеўкі, прыдуманыя любашаўцамі. “Дасталося” усім – ад шафёра да загадчыка аддзела культуры.

Таксама прайшлася даспадобы культработнікам мініяцюра, прыдуманая любашаўцамі і работнікамі РМЦ. Тычылася яна нядаўніх падзей – Дня пісьменства, да якога на ўездзе ў горад на сцяне былога “Харчавіка” прычапілі карціну з дзвюма любашаўскімі прыгажунямі. “Нямецкі” карэспандэнт, ролю якога выконваў метадыст РМЦ Мікалай Ленкавец, пажадаў пазнаёміцца з імі і нават змясціць іх фотаздымак у часопісе прыгажуняў. Яго пажаданне было выканана, дзяўчаты выйшлі на сцэну з музычным нумарам, пасля якога ў іх бралі аўтографы, а карэспандэнт з непаўторным нямецкім акцэнтам пажадаў падпісаць кантракт на фотасесію.

Акрамя гэтага, ён павіншаваў культработнікаў і сказаў: “И пусть у вас все будет, как говорят в немецких фильмах, дасист фантастиш!”

Пасля мерапрыемства калегі не спяшаліся разыходзіцца, бо ім шмат чаго патрэбна было адмеркаваць, абмяняцца думкамі.

“Свята святам, а працу ніхто не адмяняў. Наогул, для нас свята,   калі народ сустракае нашу працу апладысментамі”, – сказаў адзін з работнікаў культуры.

Новости

Из рубрики
Top