search

Дзякуй, мама, за мову!

Блукаючы па гарадскім кірмашы, натрапляю на стэлаж, дзе стосікамі ляжыць вопратка “сэканд-хэнд”. Звяртаюся да прадаўшчыцы:”Прабачце, калі ласка, у вас і жаночае, і мужчынскае адзенне ёсць?” Жанчына нервова пасоўвае плячыма і раздражнёна кідае: ”Вы со мной по-русски разговаривайте, я так не понимаю!”

Галіна Зыранава
Галіна Зыранава

Магчыма, перада мною стаяла найлепшая ў свеце маці, якая цэлымі (далёка не цёплымі ) днямі напоўніцу выкладвалася, каб пракарміць сваіх дзяцей, даць ім усё неабходнае. І чалавек яна, напэўна, харошы. Але нават такія ўяўныя абставіны не дапамаглі  мне прыняць яе адказ на  простае, бясхітраснае пытанне. Няўжо трэба абавязкова скончыць факультэт беларускай філалогіі ў якой-небудзь ВНУ, каб знайсці агульнае ў словах “женское” і “жаночае”, “мужское” і “мужчынскае”, “одежда” і “адзенне”? Мы ж практычна выхоўваемся на расповедах пра блізкасць, роднаснасць і ледзь не тоеснасць рускай і беларускай культуры!

Гэты маленькі правінцыйны прыклад  добра ілюструе правіла: чым далей, тым болей беларуская мова страчвае статус МАТЧЫНАЙ. У сярэднестатыстычнага жыхара яна найчасцей асацыюецца з вузкім колам спецыялістаў, падручнікамі і класікай. Ці з падкупленымі “ідэйнымі” беларусамі. З чым заўгодна, толькі не з тым, што прыходзіць да нас з малаком маці. І гэта натуральна. Бо як жа яно прыйдзе, калі сама карміліца не тое што не размаўляе па-беларуску, але і не разумее, не спрабуе зразумець тых, хто гаворыць “так”…

І справа не ва ўзросце, не ў прафесіі, не ў мінулым, што прайшло пад знакам чырвонай зоркі. Мая мама – шараговы медработнік перадпенсійнага ўзросту. Але і ў савецкія 80-я, на якія выпала маё дзяцінства, яна дарыла мне беларускія кніжкі і вучыла са мной беларускія вершы. Мы выпісвалі не толькі «Весёлые картинки», «Мурзилку», але і “Вясёлку”, пазней – “Піянер Беларусі”, “Бярозку”, а ў сярэднім школьным узросце — “Чырвоную змену”, “Спадчыну”, “Беларускую мінуўшчыну”.

Менавіта дзякуючы маме я падлеткам атрымала магчымасць пазнаёміцца з творчай спадчынай Уладзіміра Караткевіча, 7-томнік якога так прынадна бялеўся на кніжнай паліцы сярод збораў Пушкіна, Лермантава, Талстога. Яна не з ліку беларускамоўных, але па-беларуску дакладна ўсё разумее і ,калі трэба, можа падтрымаць гаворку “на мове”. У яе даволі няпростае жыццё, аднак жа і ў ім знайшлося месца і час для такой “дробязі”, як моўнае пытанне.

Кажуць, чалавек у сваім развіцці далёка адышоў ад маўпы. Але іншы раз падаецца, што не… Бо нават маўпы ведаюць:  калі мама ўласным прыкладам не навучыць дзіця таму, што перадаецца з пакалення ў пакаленне, яно загіне, не зможа існаваць у шматаблічным, зменлівым свеце.  Дык можа  варта было б адкінуць амбіцыі і ўзяць прыклад з далёкіх “прародзічаў”?  Каб у дзіцяці аднойчы з’явілася нагода аднойчы сказаць: “Дзякуй, мама: за жыццё, за хлеб. І за мову…”

Новости

Top