weather

USD 2.6057

EURO 3.1662

RUR(100) 3.5028

search

Мы нефармалы – таму што жыць інакш не можам!

Вітаю Вас, чытачы Ганцаўскага часу. Мяне завуць Мефіста (сапраўднага свайго імя я вырашыў не называць), мне 21 год, я металіст. Прачытаў нядаўна артыкул у «ГЧ», у якім пісалася пра нефармальную моладзь, аб якой людзі пачалі распускаць чуткі пра сектантаў. Не ўстрымаўся і захацеў выказаць сваю думку...

Image 185
Image 185

Напісаць у «ГЧ» мяне падштурхнула не смерць Фурса (я яго зусім не ведаў), але ж крыўда на тое, што нефармалаў заўсёды выстаўляюць нейкімі ізгоямі, якія пра іх зусім нічога не ведаюць! Канечне, прачытаць Вікіпедыю, паслухаць бабулек, узгадаць стогадовыя стэрэятыпы – гэта заўсёды можна, але ж, ці будуць гэтыя чуткі праўдай?.. Я не спадзяюся на тое, што хтосьці нас зразумее, стане слухаць цяжкую музыку… Не! Я проста ўпэўнены, што гэтага не будзе, але ж… Маўчаць было нельга!

Так, давайце спачатку ўзгадаем, у якіх смяротных грахах нас абвінавачваюць: валасатасць, “п’янства па падваротням”, цыгарэты, дакучанне сваёй “равучай” музыкай іншым, матлянне галавой пад “страшную музыку”, начоўкі на могілках, сатанізм, антыхрысціянства, наведванне розных сектаў, “дзіцячы максімалізм, які з часам праходзіць”, нашае жаданне выдзеліцца, нежаданне жыць, пірсінг, танэлі, якія тырчаць адусюль і г.д. А зараз аб усім па-парадку.

 Валасатасць. Большая частка людзей, якія не слухаюць цяжкую музыку, лічаць, што гэта прыкмета тупасці, недалёкага розуму, нежадання ісці ў цырульню. Але ж, у старажытныя часы, калі яшчэ ставілі каменныя ідалы Пяруну, Велесу, даўгія валасы наадварот лічыліся працягам розуму, часткай жыццёвай сілы чалавека, і, калі ты адразаеш іх, ты губляеш яе частку. Але ж гэта не азначае, што ўсе нефармалы гэта ведаюць. Зараз у асноўным лічыцца, што даўгія валасы – прыкмета таленавітасці, ды й, увогуле, з даўгімі валасамі лепей адрывацца!

П’янства па падваротням, і цыгарэты. Ну, гэта асноўная наша праблема. Яе можна, мабыць, назваць яшчэ перажыткам мінулых часоў: калі ты нефармал, ты павінен быць п’яны! Але ж, спадары, не трэба звальваць на нас усе вашыя праблемы. Хіба сярод звычайнай моладзі няма п’ючых, смалячых? Хіба сярод дарослага пакалення, якое з’яўляецца асноўным спажыўцом спіртных напояў так шмат “валасатых”? Гэтая ўсеагульная праблема, і, звальваючы яе на іншых, мы нічога не вырашым…

Наконт нашай дакучаючай музыкі… А вы калі-небудзь пыталі ў нефармала, ці падабаецца яму слухаць прадстаўнікоў нашай поп-сцэны? Як вы лічыце, што вам адкажуць?

Матлянне галавой (мош, слэм і г.д.). Дарэчы, вы велалі, што менавіта такім чынам нефармалы выплёскваюць увесь негатыў, які скапліваецца ў іх? Хтосьці б’е “грушу”, хтосьці людзей, хтосьці крычыць на другіх, а мы – махаем хаерам!

Начоўкі на могілках. Тут можна сказаць так: могілкі, мабыць, самае спакойнае месца на свеце! Там няма гэтага гарадскога шуму, няма людзей, там – цішыня! Але ж прыходзіць туды не кожны нефармал. Часцей за ўсё там бываюць менавіта Готы. Канечне, зараз вы будзеце казаць: “Прыйдуць, перавярнуць яшчэ адную пліту, намалююць крыжоў перавёрнутых, ды пойдуць!” Вось скажыце: наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці? Як часта ў нас такое назіралася? Вы лічыце, што гэта робяць нефармалы? Дарэмна… На самой справе гэтым усім займаюцца звычайныя вандалы, ці проста ідыёты.

Сатанізм, секты і антыхрысціянства. Што для вас Сатанізм? Што вы аб ім ведаеце? Толькі тыя некалькі радкоў з Бібліі? “Сатана – гэта дрэнна!”, “Сатана – гэта зло!” Гэта ўсё, што звычайны чалавек можа сказаць аб сатанізме. Гэты вобраз, які навязаны людзям царквой, што ўсе нефармалы – “одержимые дьяволом”, выклікае толькі ўсмешку, як і тое, што мы, нефармалы, наведваем свае «сатанінскія» секты! Звычайна сатанізм выбіраюць блэк-металісты. Для іх гэта Незалежнасць, Самаразвіццё, свой пункт гледжання на свет, нежаданне падпарадкоўвацца царкве. Але ж не ўсе выбіраюць сатанізм. Большая частка нефармалаў проста атэісты, астатнія выбіраюць “Родную, славянскую веру”, якую няправільна называюць зараз “Язычніцтвам”.

Суіцыды сярод нефармалаў… Я скажу не так і шмат: у нас ёсць права жыць, у нас ёсць права і памерці. Не трэба карыць чалавека ў тым, што ён быў такі слабы, ды не вытрымаў – скончыць сваё жыццё не так і лёгка! Так, я супраць падлеткавага суіцыду, але ж… гэта выбар кожнага чалавека, не трэба лезці ў яго жыццё! І… музыка тут не пры чым!

Пра максімалізм, які з часам праходзіць, нашыя бацькі, знаёмыя, ды й проста невядомыя нам людзі даволі часта нагадваюць. Кажуць, што гэта проста ўплыў падлеткавага ўзросту, калі жадаеш свабоды, незалежнасці, што ён (максімалізм), калі станеш дарослым, пройдзе! А вось што вам адкажа большая частка нефармалаў: “Не, гэта ў мяне на ўсё жыццё!”, “Я нефармал да канца!”, і г.д. Праўда ў тым, што гэта не заўсёды так… Для нас гэта самае цяжкае выпрабаванне ў жыцці! Застацца нефармалам, не паддацца ўплыву шэрай масы – гэта вельмі цяжка. Выслухваць нападкі на тваю музыку, на твой знешні стыль амаль што ад усіх, каго ты ведаеш – не ўсе гэта выносяць.

Але ж, калі ты ўсё ж вытрымаеш гэты ціск, тады ты на самой справе зможаш з гонарам назваць сябе нефармалам! Ну, ды няхай ты пазбавішся ад гэтага “странного одеяния”… Ну не дазваляюць хадзіць у ім на працу, што ж тут зробіш? Але, за тое, ты не здрадзіш сваім поглядам на жыццё, і табе ўжо не скажуць: “Хутка гэта пройдзе ў цябе!”

 Так прыемна становіцца на сэрцы, калі ідзеш, а насустрач табе 40-50 гадовы дзядзька, у касухе (скураная куртка з касым каўнерам), ды з дзіцём на руках! Ды вам, мабыць, гэтага ўсё роўна не зразумець…

 Адзінае, што ў вас папытаю: Задумайцеся! Чаму прасцей абвінаваціць таго, хто табе не падабаецца, каго ты лічыш прыдуркам, чым прызнаць свае памылкі? Чаму трэба баяцца быць самім сабой, і не баяцца быць шэрай масай?

Подпишитесь на наш канал
comments powered by HyperComments