weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Грай, гармонік, разлівайся песня!

Са спевамі і пляскамі прайшлі гарадскія пасядзелкі ў гарадскім скверы ў мінулую пятніцу, 30 ліпеня. На вечарыну прыйшлі каля сарака актыўных удзельнікаў як сталага ўзросту, так моладзі і дзяцей.

Вакальная група хора ветэранаў
Вакальная група хора ветэранаў / Фото: Петр Гузаевский

Вяла праграму вясёлая гаспадыня Лявоніха. Яна запрашала ўсіх да ўдзелу ў мерапрыемстве, жартавала, загадвала загадкі, “рэкламавала” нумары. “Полька – самы лепшы танец, што там блюз-амерыканец!” – гучна крычала яна ў мікрафон, запрашаючы гасцей патанцаваць. Як аказалася, самымі актыўнымі ўдзельнікамі сталі пажылыя людзі. Яны весела пускаліся ў скокі, калі гучалі гукі полькі, кракавяка ці падыспаня, падпявалі артыстам і кожны нумар узнагароджвалі шквалам апладысментаў. “Маладым у ветэранаў трэба павучыцца, гэта ім не ў інтэрнэце сядзець”, – пракаментавала задор пажылых удзельнікаў Лявоніха. Сваю актыўнасць удзельнікі праявілі і пры разгадванні загадак. Трэба прызнаць, што ўсе яны былі “закавырыстымі”. Асабліва азартна шукалі адказ на загадку: “махнатае ягнятка, днём з нагамі, ноччу – без ног”. Вядучая падказвала: “Гэта ёсць ва ўсіх”. І вясёлы рогат вызвала пытанне адного з мужчын: “Што, і ў мужчын таксама?” Дарэчы, правільны адказ не знайшоў ніхто. Весела рагаталі гледачы і над прыпеўкамі, якія праспявала Ганна Гайцюкевіч, удзельніца хору ветэранаў. “Бабы хочуць мужыкоў, мужыкі – гарэлкі, ну а я хачу вам пець вясёлыя прыпеўкі”, – весяліла народ спявачка. Гледачы радаваліся і іншым выступленням артыстаў. Падчас вечарыны радавалі гледачоў ўдзельнікі народнага хору ветэранаў – Галіна Сільмановіч, Ганна Гайцюкевіч, Віктар Грышман, мужчынская і жаночая групы хору і іншыя. Акрамя таго, выступаў на пасядзелках і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, а цяпер пенсіянер, Аляксандр Свірыд, які прыгожа праспяваў дзве песні. Гледачам свята прыйшлося даспадобы. “А што, весела спяваюць, я ўжо і далоні ўсе адбіла”, – сказала адна з прысутных Вольга Кірэйчык. Захапляліся гледачы, артысты доўга не маглі разысціся. Пасля таго, як гарманіст стамілася іграць, удзельнікі спявалі “акапела” (без акампаніянта). Многія жартавалі, што калі б і мікрафон ў іх забралі, то спявалі б і без мікрафона. А гледачы таксама не спяшаліся разыходзіцца. “Душэўна пасядзелі, – сказаў адзін мужчына. – Шкада толькі, што мала”.

Новости

Из рубрики
Top