search

Бацькі сталі лішнімі для родных дзяцей

Бальніца сястрынскага догляду ў Дзяніскавічах – гэта апошні прытулак для тых, хто застаўся самотны і мае патрэбу ў пастаянным доглядзе. Яшчэ гэта прытулак для тых, чые дзеці не знайшлі для бацькоў месца ў сваёй хаце.

Агрыпіна Якаўлеўна Сукач (злева) і Ганна Сцяпанаўна Муха (справа) словаахотліва гутараць з журналістам «ГЧ»
Агрыпіна Якаўлеўна Сукач (злева) і Ганна Сцяпанаўна Муха (справа) словаахотліва гутараць з журналістам «ГЧ» / Фото: Елена Карпеня

Для 25-ці пацыентаў з Ганцавіцкага раёна бальніца ў Дзяніскавічах стала родным домам. Але ўсё ж некаторыя жывуць марай, што дачушка, сынок ці ўнукі прыедуць і забяруць іх у родную сям’ю. Таму, калі хтосьці заходзіць у бальніцу, гэта адразу прыцягвае ўвагу яе насельнікаў. Калі я прыйшла ў бальніцу, то бабулі, якія былі на калідоры, адразу падыходзілі і пыталіся: “Можа, вы да мяне прыйшлі?” Кожнай з іх хацелася, каб гэта менавіта яе нехта прыйшоў праведаць, пагаварыў з ёю і пацікавіўся здароўем і жыццём.

Агрыпіна Якаўлеўна Сукач (злева) і Ганна Сцяпанаўна Муха (справа) словаахотліва гутараць з журналістам «ГЧ»

Людзі по розных прычынах апынуліся ў бальніцы сястрынскага догляду. Сярод жыльцоў тыя, хто застаўся адзін і мае патрэбу ў кругласутачным назіранні і належным медыцынскім доглядзе. У кагосьці з пацыентаў бальніцы ёсць дзеці і іншыя сваякі, але здарылася так, што для іх хворыя бацькі сталі “лішнімі”.

Чакае сваіх родных і Агрыпіна Якаўлеўна Сукач. Нарадзілася яна ў 1929 годзе ў Дзяніскавічах і пражыла тут усё жыцце. Жанчына выгадавала шасцярых дзяцей, мае ўжо багата ўнукаў і праўнукаў. Некалькі гадоў таму памёр яе муж, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, а пасля не стала і дачкі, якая жыла з бацькамі і даглядала іх. Астатнія дзеці ўсе жывуць у Беларусі, але чамусьці ніхто не забраў да сябе старую матулю. Агрыпіна Якаўлеўна расказвае, што ў яе баляць ногі, ходзіць яна з дапамогай мыліцы, дый з памяццю ўжо дрэнна. Яна распавядае пра сваю маладосць, пра той час, калі ўсе захапляліся яе прыгажосцю. Як добра ёй было тады з мужам і дзецьмі!

“Хоць цяжка было гадаваць столькі дзяцей, але старалася ўсіх выхаваць добрымі людзьмі. Калі я была маладзейшая ды дужэйшая, то дапамагала ўсім дзецям. Так атрымалася, што спачатку гадавала дзяцей, а пасля і ўнучку. А цяпер што? Засталася адна. Скардзіцца няма на што, тут і пакормяць, і памыюць, і пераапрануць, але ж мне хочацца быць побач са сваімі роднымі”, – жаліцца Агрыпіна Якаўлеўна.

Дзеці і ўнукі зрэдку прыязджаюць праведаць маці і бабулю. Але Агрыпіне Якаўлеўне хочацца, калі ўжо да сябе ніхто яе не забірае, дык каб хоць прыязджалі часцей.

Пацыенты Дзяніскавіцкай бальніцы сястрынскага догляду пакуль яшчэ жывуць у гэтым старым будынку

На пытанне, ці хоча жанчына пераехаць летам у новы бальнічны будынак, адказвае, што хоча, калі гэта дзе-небудзь блізка. Баіцца, што калі далёка, то дзеці не знойдуць яе і наогул не прыедуць. А калі даведваецца, што пераезд можа зацягнуцца да зімы, то адмахваецца і гаворыць, што да зімы яна, пэўна, не дажыве.

“У мяне цяпер больш думак пра смерць, чым пра жыццё. Калі побач няма родных людзей, калі так атрымалася, што я нікому не патрэбная, то лепей памерці, чым так жыць. Я ўжо даўно на могілкі хачу, каб хутчэй сустрэцца там з мужам”, – сказала Агрыпіна Якаўлеўна.

Калі я ўжо развітвалася з насельнікамі бальніцы, Агрыпіна Якаўлеўна на развітанне, ведаючы, што пра яе напішуць у газеце, як бы звяртаючыся да ўсіх людзей, дала такі наказ: “Дзеткі, беражыце сваіх бацькоў! Як бы ні склалася жыццё, бацькі павінны заўсёды быць побач, не забывайце пра іх. Вось я гадавала сваіх, любіла, аддавала апошняе, а цяпер нікому з іх не патрэбная…”. У жанчыны на вачах з’явіліся слёзы. Пасля яе слоў і мне хацелася плакаць.

Ва ўсіх, хто жыве ў Дзяніскавіцкай бальніцы сястрынскага догляду, свая гісторыя, і цяжка без жалю і спачування слухаць іх аповеды. Некаторыя жывуць надзеяй вярнуцца ў родную хату.

На калідоры сустракаю адну з пацыентак. Яна адводзіць мяне ўбок і кажа: “Вы не думайце, што я тут надоўга. Я толькі ўчора сюды прыехала з Круговіч і хутка паеду дадому. Ужо заўтра прыедуць мае дзеці і забяруць да сябе”. Але, на жаль, гэта не так. Медсястра расказала мне, што гэтая жанчына жыве ў бальніцы ўжо больш за тры гады і сваякоў у яе няма. Але бабулька не губляе надзеі, што хутка па яе нехта прыедзе.

Трапіць у свой родны дом ні гэтая жанчына, ні многія іншыя пацыенты бальніцы ўжо наўрад ці змогуць. А вось пераехаць у «новы» дом – гэта магчыма. Персанал і пацыенты Дзяніскавіцкай бальніцы сястрынскага догляду спадзяюцца, што ў гэтым годзе перабяруцца ў новы будынак – адрамантаваны былы дзіцячы сад. Там жа будзе размяшчацца і амбулаторыя. У параўнаннні са старым будынкам і тымі ўмовамі, у якіх людзі жывуць цяпер, гэта будзе двухпавярховае, прасторнае, і, па словах будаўнікоў, цёплае жыллё. Рамонт быў пачаты ў кастрычніку 2013 года, а ў маі гэтага года будаўнікі павінны здаць аб’ект. Генеральным падрадчыкам будаўніцтва з’яўляецца ТАА “БК Эрыдан” г. Кобрына.

І персанал бальніцы, і састарэлыя яе насельнікі вельмі рады, што перабяруцца ў новае жыллё

“На капітальны рамонт гэтага будынка выдзелена 5,5 млрд рублёў, але выдадзена нам пакуль што 2 мільярды. А ў мяне спраўная каманда, працуе хутка і якасна. Таму грошы плачу добрыя. За 10 дзён хлопцы атрымалі па 5,4 млн рублёў”, – паведамляе дырэктар ТАА “БК Эрыдан” Аляксандр Новікаў.

Унутры памяшкання ў асноўным усе аддзелачныя работы амаль завершаны. Аляксандр Аляксандравіч паказвае план будынка, дзе будуць кабінеты ўрача і пакоі для хворых. У будынку поўнасцю заменена сістэма ацяплення.

“Калі б былі грошы, то аб’ект мы здалі б ужо ў красавіку. Вінаваты заказчыкі: рамонт мы павінны закончыць у маі, а апошняя частка фінансавання будзе толькі ў жніўні-верасні. Вось і атрымліваецца, што робім рамонт мы зараз за свае грошы. Таму не магу вам сказаць, калі адкрыецца бальніца”, – тлумачыць Аляксандр Аляксандравіч.

Персанал бальніцы, як і самі хворыя, вельмі рады, што пераедуць у новы будынак.

“Вядома, хочацца хутчэй пераехаць адсюль. Тут жа атапленне дрэннае. І будынак гэты ўжо стары, не адпавядае санітарным нормам. Як тут жыць старым хворым людзям?” – гаворыць медсястра Любоў Цыбулька.

Хочацца верыць, што новае жыллё, калі не заменіць пацыентам бальніцы родную хату, то хоць палепшыць умовы іх жыцця.

Новости

Из рубрики
Top