search

Пяць парадаў для шчаслівага жыцця

Амерыканскі пісьменнік, навуковец і сацыёлаг Чарльз Мюрэй у артыкуле для The Wall Street Journal дае пяць парадаў маладым людзям, якія імкнуцца да шчаслівага жыцця, напоўненага глыбокім адчуваннем сэнсу і задавальнення. Яны падобныя на «прапісныя ісціны» — аднак, кажа Мюрэй, вопыт паказвае, што менавіта яны выходзяць на першы план, калі гаворка заходзіць пра шчаслівае жыццё ў цэлым.

Пяць парадаў для шчаслівага жыцця
Пяць парадаў для шчаслівага жыцця

1. Падумайце пра ранні шлюб

У наш час, асабліва на Захадзе, узрост заключэння першага шлюбу даўно перасягнуў мяжу ў 30 год. Аднак Мюрэй прапануе задумацца пра перавагі ранніх шлюбаў. Гэта, вядома, не значыць, што вы павінны ставіць сабе задачу абавязкова выйсці замуж у 23 ці ажаніцца ў 25 — бо рэч у першую чаргу ў тым, каб сустрэць таго самага, адзінага чалавека. Проста шлюб, заключаны пасля 30, хутчэй за усё будзе падобны на «зліццё». Калі ж абодвум яшчэ па 20 з нечым, то ён, верагодна, стане «стартапам».

У шлюбе-«зліцці» няма нічога дрэннага: абодва партнёры ўжо сталыя, з добрай адукацыяй, кар’ернай перспектывай і сфарміраванымі поглядамі на жыццё, яны добра уяўляюць, чаго хочуць ад шлюбу, і наўрад ці будуць шкадаваць, што не паспелі «нагуляцца» ў маладосці.

Плюсы ж шлюбу-«стартапу» ў тым, што ўвесь шлях станаўлення вы пройдзеце разам, і ўспаміны пра гэтыя часы будуць бясцэннымі. У вас з’явіцца вельмі каштоўная рэч — сумесны вопыт. А разам з ім — свядомасць таго, што без свайго сужонка вы не сталі б тым, кім вы ёсць зараз. Менавіта ў шлюбах-«стартапах» найчасцей нараджаецца той своеасаблівы сімбіёз, калі двое — гэта нешта большае, чым проста сума індывідуальнасцяў.

2. Знайдзіце роднасную душу

Чарговая банальнасць наконт шлюбу, але ад таго не менш праўдзівая: абіраць у спадарожнікі жыцця лепш чалавека, з якім у вас супадаюць густы і погляды. Нястрашна, калі вы любіце балет, а каханы — не; калі ж вам абодвум не падабаюцца сябры «другой паловы», ці вы не разумееце пачуццё гумару адно аднаго — гэта ўжо прычына задумацца.

Галоўнае ж, каб супадалі погляды на тры асноўныя пункты, што маюць уплыў на паўсядзённае жыццё: пунктуальнасць, стаўленне да парадку і беражлівасць.

Калі нешта ў партнёры вас раздражняе, не думайце, што пасля шлюбу ён зменіцца. Так, ён можа змяніцца — але часта зусім не ў той бок, пра які вы меркавалі. Галоўнае — гэта тое, што вам сапраўды ў партнёры падабаецца. Калі дзеля гэтага вы гатовыя мірыцца з недахопамі — проста прыкрыйце на іх вочы і прымайце чалавека такім, якім ён ёсць.

Многія шчаслівыя пары на пытанне пра сакрэт удалага шлюбу адказваюць: «Мы не проста муж і жонка, мы лепшыя сябры». Менавіта таму так важна з адказнасцю падысці да пошуку «роднаснай душы». Бо шчаслівы шлюб, на думку Мюрэя — гэта лепшае, што можа здарыцца з вамі ў жыцці.

3. Перастаньце хвалявацца пра славу і багацце

У 20 год амаль кожны з нас марыць пра славу, багацце альбо тое і другое разам. Гэта цалкам нармальна; наадварот, ненармальна тлуміць здаровыя амбіцыі і адмаўляцца ад жадання ісці ўслед за марамі.

Калі ж вам ужо 40, вы любіце сваю працу, знайшлі роднасную душу, гадуеце пару цудоўных дзетак — і раптам усведамляеце, што наўрад ці ўжо калі станеце багатым альбо вядомым — варта змяніць юнацкія амбіцыі на сталае разуменне. Слава і багацце робяць добрую рэч — лякуюць амбіцыйную трывожнасць. Аднак гэта — далёка не самае важнае ў жыцці.

4. Успрымайце рэлігію ўсур’ёз

Калі вы з’яўляецеся сталым паслядоўнікам нейкай рэлігійнай традыцыі, можаце прапусціць гэты пункт.

Калі ж вы выраслі ў атэістычным асяроддзі, альбо ўпэўненыя, што сучаснаму чалавеку гэтая лухта ўжо даўно непатрэбная — паспрабуйце ўсё ж паставіцца да рэлігіі з большай доляй павагі. Пачніце вывучаць яе.

Не трэба чакаць азарэнняў, бо чытанне рэлігійнай літаратуры — гэта сапраўдная праца, часам не вельмі легкая. Аднак нават самыя зацятыя агностыкі і атэісты могуць быць моцна здзіўленыя, калі пабачаць, якую глыбіню думкі і шматвекавой мудрасці могуць прапанаваць вучэнні хрысціянства і будызму, даасізму і індуізму. Абярыце тое, што вам бліжэй і цікавей. Гэтае чытанне не абавязкова прывядзе вас да веры — аднак бясспрэчна зробіць больш удумлівым і схіліць да пэўных разважанняў, што з часам адаб’ецца на якасці жыцця ў лепшы бок.

5. Пераглядайце «Дзень сурка»

Фільм «Дзень сурка» быў зняты больш за 20 год таму, але і сёння не губляе актуальнасці. Гэта выдатная, па-майстэрску вытанчана зробленая прытча пра асноўныя маральныя каштоўнасці і шлях да шчасця. Без залішняга маралізатарства фільм паказвае ператварэнне галоўнага героя — тэлевядучага Філа, якога ўвасабляе геніяльны Біл Мюрэй — у цалкам рэалізаваную чалавечую істоту, у асобу, якая навучылася адчуваць глыбокае задавальненне ад жыцця, хоць ёй на гэта быў дадзены ўсяго адзін дзень. Які, праўда, паўтараўся зноў, зноў і зноў дзясяткі разоў.

Тыя ж самыя ісціны выкладзеныя і ў «Этыцы» Арыстотэля, аднак паглядзець «Дзень сурка» — нашмат весялей.

Новости

Из рубрики
Top