search

Алігархі і чынавенства шыкуюць, астатні народ выжывае

Справедливость не в том, чтобы все получали поровну, а в том, чтобы справедливо получали не поровну.А. Гельман Большасць нас, нераўнадушных беларусаў, у тым ліку і я, знаёміліся з пасланнем Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу. Шмат спрэчных думак выклікала яно. Вось, напрыклад, думка, якой пачынае Прэзідэнт сваё Пасланне: “Беларусі патрэбна адзінства народа”. Так, патрэбна, згодна з гэтым поўнасцю. У дзяржаве, як у сям’і. Калі пануе згода, лад і парадак, калі ўсе члены сям’і аб’яднаны нейкай агульнай мэтай, агульнай справай, тады ўсё ідзе добра і мэты абавязкова будуць дасягнуты. І дзеці ў такой сям’і растуць разумнымі, працавітымі – сапраўднымі людзьмі. Калі ж “в товарищах согласья нет, на лад их дело не пойдёт» – вучыць ужо больш за два стагоддзі дзядуля Крылоў.

Большасць нас, нераўнадушных беларусаў, у тым ліку і я, знаёміліся з пасланнем Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу. Шмат спрэчных думак выклікала яно. Вось, напрыклад, думка, якой пачынае Прэзідэнт сваё Пасланне: “Беларусі патрэбна адзінства народа”. Так, патрэбна, згодна з гэтым поўнасцю. У дзяржаве, як у сям’і. Калі пануе згода, лад і парадак, калі ўсе члены сям’і аб’яднаны нейкай агульнай мэтай, агульнай справай, тады ўсё ідзе добра і мэты абавязкова будуць дасягнуты. І дзеці ў такой сям’і растуць разумнымі, працавітымі – сапраўднымі людзьмі. Калі ж “в товарищах согласья нет, на лад их дело не пойдёт» – вучыць ужо больш за два стагоддзі дзядуля Крылоў.

Сіла і моц дзяржавы, яе працвітанне заключаюцца ў адзінстве народа. Пра гэта, па-мойму, кіраўніцтва дзяржавы павінна думаць днём і ноччу. Але на самой справе яно, гэтае адзінства, толькі дэкларыруецца. Ды і як яно можа быць, калі ўзровень жыцця насельніцтва Беларусі розніцца, як розняцца між сабою неба і зямля.

Алігархі, чыноўніцтва розных узроўняў – з аднаго боку, з другога – астатняя большасць насельніцтва Беларусі. У адных даходы, якія вымяраюцца дзясяткамі, сотнямі, мільёнамі, нават мільярдамі грашовых сродкаў, якія дазваляюць ім мець шыкоўныя кватэры, катэджы, аўто. А простаму працаўніку, каб мець такія сродкі, трэба пражыць хіба дзясяткі жыццяў. У астатняй большасці зарплаты такія, на якія толькі можна выжыць. Якое адзінства можа быць у прачкі з 1,5 млн рублёў зарплаты, пенсіянера з даходам у 1,5 – 2 млн рублёў і былога, да прыкладу, дэпутата самага высокага рангу з 8 млн пенсіі (гэта некалі, а цяпер, можа, і больш). Якія тут агульныя мэты, інтарэсы? Гэта ж, як і сяброўства.Тут павінна быць хоць нейкая роўнасць паміж людзьмі. Нехта з вялікіх сказаў: “Бескарыслівае сяброўства можа быць толькі паміж людзьмі з аднолькавымі даходамі”.

Узяць хаця б маю суседку, якая амаль усё жыццё адпрацавала на ферме. Практычна ўсё рабілася ўручную: нагрузіць на калёсы сіласу ці сенажу, развезці і раздаць скаціне… Ды яшчэ без падменных работніц і без выхадных. За сціплую зарплату. Цяпер пенсія ў яе – мільёны два ці два з хвосцікам. Купіць дроў, узараць агарод трэба за плату. А яшчэ ж колькі грошай патрэбна пажылому чалавеку на лякарства! І клыпае такая жанчынка ў нядзельку ў царкву з кіёчкам, а міма яе на службовых ці асабістых аўто, прытым далёка не танных, праносяцца тыя, хто мае чыноўніцкія пасады. Дык што між імі адзінага?

У нас грамадства свядома разбіваецца на касты. Чынавенства мае неблагія зарплаты, а потым атрымлівае пенсіі, якія налічваюцца па асаблівым разрадзе. За складанасць работы, напэўна, як трэба разумець. А мне ўспамінаецца, як мы са школьнікамі збіралі на калгасным полі пасля камбайна бульбу і назіралі за працай трактарыста і рабочага. Яны ж працавалі ў слупе рыжага тарфянога пылу, густога-густога. А надвор’е стаяла гарачае, сухое. Адчуваю, што больш за 2,5 млн рублёў той трактарыст не атрымлівае, а рабочы – яшчэ менш. Чаму так лічу? Бо пенсія настаўніка прыблізна ў суме 2, 5–2,7 млн рублёў лічыцца на вёсцы даволі вялікай.

А праца рабочага лясніцтва: летам у камарах, зімою ў мароз, восенню пад дажджом? Ці лёгка дастаюцца ім грошы? Адпавядае заробленае зробленаму?

Можа, хто чуў, што нейкі вясковец ці рабочы купіў участак зямлі з домам, напрыклад, у Францыі? Ці хоць пад Мінскам?

А як вы думаеце, ці ходзяць алігархі і высокія чыноўнікі ў адну лазню з простым людам? Зможаце сабе ўявіць, што яны там адзін аднаму спінкі труць? Не ўяўляеце… Нават фантазіі не хопіць, каб уявіць такое!

Ведала раней, што паспяховыя прадпрыемствы мелі свае паліклінікі. Гэта быў такі важны стымул, каб паспяхова працаваць: ты добра працуеш, а прадпрыемства клапоціцца пра тваё здароўе. Цяпер жа ўлады хочуць забраць у прадпрыемстваў такія паліклінікі. Вось так пазбаўляюць простых працаўнікоў хоць нейкай прывілеі. Але… ведамасныя паліклінікі МУС і КДБ пакінуць. Вось яно як! Ці ж гэта не адкрыты падзел народа на касты? “Выбраныя” лечацца не там, дзе лечыцца просты люд, а ў Рэспубліканскім клінічным цэнтры кіравання справамі Прэзідэнта РБ. Тут да месца народная мудрасць: “Всяк сверчок знай свой шесток”. Дык аб якім адзінстве можна казаць, калі “сверчки» розныя і розныя ў іх “шестки»?

З жыццёвага вопыту ведаю, што нішто так не яднае людзей, як агульная справа. Цяпер пад такім грыфам – “агульная справа” – ідзе акцыя па зборы сродкаў на будаўніцтва Рэспубліканскага дзіцячага хоспіса. Агучылі гэты заклік адразу ж пасля завяршэння чэмпіянату свету па хакеі. Мяне гэтая навіна ашаламіла. Як жа так: на правядзенне чэмпіянату “на самом высоком уровне” у дзяржавы ёсць сродкі, на стварэнне лядовых палацаў ёсць, а на стварэнне больш-менш дастойных умоў паміраючым дзеткам – “с шапкой по кругу”. Грошы-то мы збяром: хто на імянную цаглінку пашле, хто тэлефонным дабрачынным званком. Але ж там будзе ўсяго 20 ложкаў для рэабілітацыі і ўсяго 10 палат для кругласутачнага знаходжання. А колькі ж цяжка хворых і невылечных дзетак у рэспубліцы!? Чамусьці такія лічбы трымаюцца ў сакрэце.

А ведаеце, як адрэагавала адна з вясковых жанчын, калі даведалася пра збор сродкаў? “Няхай аддадуць паміраючым дзеткам хоць адну са сталічных гасцініц, што пабудавалі ў Мінску для багатых да чэмпіянату па хакеі”, – сказала яна.

У нас не адна, а дзве Беларусі. Адны, маючы шыкоўнае жыллё, а то і палацы пад Мінскам, набываюць яшчэ і нерухомасць за мяжою. Сродкаў у іх на гэта хапае. Не ведаю, дзе гэта ў нас былі ці ёсць такія зарплаты, каб валодаць усім тым, што маюць багатыя. А бедны вясковец, які з жыл высільваўся, каб пабудаваць сабе жыллё і, вызваліўшы гэтым самым дзяржаву ад клопату пра сябе, астаўся за гэта яшчэ павінен дзяржаве! Бо як інакш расцаніць тое, што вясковыя жыхары плацяць “кантрыбуцыю” дзяржаве ў выглядзе падатку на нерухомасць?

Чыноўнікі увесь час скардзяцца, як ім клопатна працаваць, як складана! Задумаемся: чаму гэта яны не ўцякаюць са сваіх пасад, з кабінетаў? Прэзідэнт, бачачы гэта, гаворыць у Пасланні, што заробак чыноўнікаў не павінен быць нізкім, каб яны мелі матывацыю для работы. А я ўсё сваё жыццё лічыла, што не толькі чыноўнік, а кожны работнік павінен яе (матывацыю) мець. Нават маючы самую высокую фантазію, цяжка ўявіць, што якая-небудзь прыбіральшчыца з вялікай радасцю бяжыць штораніцы на працу за 1,5 млн рублёў. Ёй што, матывацыя не патрэбна?

Калі б была мая воля, я б абавязала чыноўнікаў розных рангаў (аж да міністраў) хаця б раз у месяц дабірацца на працу і з працы грамадскім транспартам. Вядома ж, без прад’яўлення сваіх пасведчанняў. Колькі карыснай інфармацыі яны атрымлівалі б! Адпала б неабходнасць у дзясятках памочнікаў з іх дакладамі. Яны, можа, ўбачылі б, пачулі, зразумелі многае і не былі б такімі далёкімі ад жыцця.

Эльдар Разанаў, якому я веру як вельмі мудраму чалавеку, на старонках “АиФ” неяк выказаў наступную думку: “Сейчас нас как нацию объединяет только одно – язык». Тады што ж аб’ядноўвае нас, сучасных беларусаў? Вымірае старая беларуская вёска, і для яе хутчэйшага вымірання робіцца ўсё: закрываюцца школы, ФАПы, бібліятэкі, клубы, паштовыя аддзяленні і г. д. Адыдуць з жыцця старэйшыя вяскоўцы – нешматлікія носьбіты роднай мовы – згіне мова зусім. А калі дзе і захаваюцца рэліктавыя беларусы, то будуць яны няньчыць кітайскіх унукаў.

P.S. Калі ўжо быў напісаны гэты артыкул, мне трапіла ў рукі “Белгазета” за 16 чэрвеня 2014 года. Як жа я «парадавалася» за нашага суайчынніка, які за мінулы год задэкларыраваў прыбытак у суме 59 мільярдаў беларускіх рублёў (прыблізна 5, 8 мільёнаў долараў)!

Задэкларыравана гэтая сума не ад штодзённага карпення за станком ці на калгасным полі, а ад продажу акцый за мяжой. Вось бы гэтыя грошы на будаўніцтва хоспісаў ды на ратаванне хворых дзетак. А нам кажуць пра адзінства і справядлівасць.

Новости

Из рубрики
Top