search

Ганцаўчане маліліся ля цудатворных іконаў Божай Маці ў Польшчы

Трое сутак (16–18 кастрычніка) доўжылася паломніцтва каталіцкіх вернікаў Ганцавіцкага і Ляхавіцкага прыходаў у Польшчу да Маці Божай Чанстахоўскай. Па дарозе да Яснай Гары нашы вернікі наведалі і іншыя святыя месцы: Крыжовую Гару, санктуарый Маці Божай Балеснай у Святой Вадзе, катэдру ў Варшаве і базіліку Маці Божай Ліхэньскай. Аўтар гэтага артыкула таксама прымала ўдзел у пілігрымцы.

Ганцавіцкія паломнікі перад уваходам у базіліку Маці Божай Ліхэньскай
Ганцавіцкія паломнікі перад уваходам у базіліку Маці Божай Ліхэньскай / Фото: Наталия Гузаевская

Гэта ўжо другое па ліку паломніцтва ганцаўчан у горад Чанстахову да цудадзейнай іконы Чорнай Мадонны. На гэты раз арганізатарам пілігрымкі стаў настаяцель Ганцавіцкага касцёла ксёндз-дэкан Андрэй Шода. Бясконца ўдзячны вернікі свайму духоўнаму айцу за прадстаўленую магчымасць пабываць у дарагіх для кожнага хрысціяніна-католіка мясцінах. Уражанні ад наведання святых месцаў ашаламляльныя, асабліва ў тых, хто ўпершыню адправіўся ў далёкую дарогу, каб сустрэцца з Тою, Якая бліжэй за ўсіх да Бога.

Ганцавіцкія паломнікі перад уваходам у базіліку Маці Божай Ліхэньскай

У ваколіцах горада Беластока на Крыжовай Гары 16 кастрычніка 2014 года быў пастаўлены крыж ад Ганцавіцкага і Ляхавіцкага прыходаў. Гэта адзінае месца ў Польшчы, дзе людзі ставяць крыжы, каб быць побач з Маці Балеснай, санктуарый якой размяшчаецца побач. Менавіта тут знаходзіцца крыніца са святой вадой. Два стагоддзі таму, абмыўшыся вадой з гэтай крыніцы, адзін сляпы чалавек стаў бачыць. А пазней цуды аздараўлення хворых людзей у гэтым месцы адбываліся зноў і зноў. У касцёле Маці Божай Балеснай пілігрымы ўдзельнічалі ў Святой імшы, якая праходзіла на беларускай мове.

Далей шлях наш ляжаў у Варшаву. У час Вялікай Айчыннай вайны горад быў знішчаны, але цэнтральная частка і катэдра былі поўнасцю адбудаваны і цяпер выглядаюць так, як і да вайны.

З польскай сталіцы паломніцкі шлях прывёў нас у Ліхэнь (непадалёку ад г. Конін). Калісьці, у 1850 годзе, падчас аб’яўлення Маці Божай мясцоваму кавалю, гэта была маленькая вёсачка, дзе ў каплічцы сярод лесу на сасне вісела невялікая іконка Багародзіцы. Цяпер на гэтым месцы пабудаваны сучасны, прыгожа аздоблены рэлігійны аздараўленчы цэнтр з раскошнай базілікай, якую будавалі 15 гадоў. Прыгажосць, эстэтыка, глыбокі рэлігійны змест гэтых мясцін моцна ўзрушылі нас. “Дык гэта ж зямны рай”, – прамовіў у захапленні хтосьці з ганцаўчан, і ўсе моўчкі пагадзіліся з гэтым.

На Крыжовай Гары паблізу Беластока быў пастаўлены і асвечаны крыж ад Ганцавіцкай і Ляхавіцкай парафій

Калі пазней у Чанстахове перад малітвай я сказала паломніцы з Кракава, што пабывала ў Ліхэні, яна сказала: ”Ці не праўда, там аж занадта цудоўна?” І сапраўды, нічога падобнага па прыгажосці да гэтага часу мне не давялося бачыць.

І позна ўвечары, і ўранку на Святой імшы мы горача маліліся да Маці Божай, узносячы хвалу Ёй і просячы ў Яе ласкі і апекі для нас, нашых родных і блізкіх, а таксама для ўсёй Беларусі.

На Ясную Гару ў Чанстахову мы прыбылі на трэці дзень нашага паломніцтва пад вечар і правялі Ноч Чування ў малітвах у капліцы цудатворнай іконы Маці Божай Чанстахоўскай. Разам з намі маліліся дзясяткі соцень пілігрымаў з Польшчы, Украіны і іншых краін Еўропы. Прыемна і радасна было ад таго, што не раз гучала ўночы малітва на беларускай мове. Другая частка такой малітвы прамаўлялася на польскай мове ўсімі прысутнымі і яднала ўсіх вернікаў між сабою ў шматгалосым малітоўным хоры.

Усяночная перад іконай Маці Божай Чанстахоўскай праходзіла ў бесперапынных малітвах і песнапеннях

Закончылася Яснагорская Ноч Чування ў палове пятай гадзіны раніцы малітвай за спакой ва Украіне. Разам з ксяндзом Андрэем мы, беларускія пілігрымы, усталі на калені побач з нашымі суседзямі перад іконай Чорнай Мадонны і горача, не стрымліваючы слёз, маліліся за выратаванне ўкраінскага народа ад вайны. Адна ўкраінка спытала мяне пасля імшы: “Вы не ўкраінцы, а чаму маліліся так шчыра разам з намі?”“Дык вы ж нашы блізкія суседзі і знаходзіцеся ў бядзе. А ў такім становішчы трэба быць разам. Да нас у Беларусь столькі бежанцаў прыбыло, ды і ў наш раён таксама”, – адказала я.

Атрымаўшы напрыканцы благаславенне, адухоўленыя, заспакоеныя і шчаслівыя, мы вярталіся дамоў. Гэтая далёкая дарога да святых мясцін, праведзеная ў малітвах і малітоўных спевах, яшчэ больш з’яднала і зблізіла нашых вернікаў між сабою.

Новости

Из рубрики
Top