weather

USD

EURO

RUR(100)

search

У кожнага свая «лебяда»

Усе ў вёсцы называюць мяне бабкай Ганнай ці бабуляй. Гэта розніцы не мае, як ні заві, а косці ўжо адны,  старыя ды рыпяць. Я ўжо даўно на пенсіі. Чаго дзіўнага – што рыпяць, столькі гадоў адпрацавала ў калгасе! А пачынала сваю працоўную дзейнасць  яшчэ ў пасляваенныя гады. Хапіла ліха ў тым калгасным жыцці. Хто памятае, той  падцвердзіць.

Не ўсе пенсіянеры разумеюць, што ў кожнага пакалення сваё жыццё і свае каштоўнасці
Не ўсе пенсіянеры разумеюць, што ў кожнага пакалення сваё жыццё і свае каштоўнасці / Фото: фото с сайта http://images.yandex.by/yandsearch?rpt=simage&ed=1&text=%D0%BF%D0%B5%D0%BD%D1%81%D0%B8%D0%BE%D0%BD%D0%B5%D1%80%D0%BA%D0%B0&p=15&img_url=i2.ambrybox.com%2F111110%2F1289498838976.jpg

Мужа, які таксама ўсё жыццё там, дзе і я, адпрацаваў, пахавала. Падарваў небарака здароўе на цяжкай працы. Але ж, дзякуй Богу, дзяцей на ногі паднялі. А яны, як тыя птушкі з гнязда. Набылі дзякуючы бацькам крылы, кінулі роднае гняздо ды і паляцелі ў белы свет.

Цяжка было. Ой цяжка. А зараз што? Ніхто не хоча тых цяжкасцей ведаць. Выйшаўшы на пенсію, адразу трымала тое-сёе з жыўнасці, то свінчо, то куранят. Усе сыны па былому Саюзу раз’ехаліся, толькі вось дачушка непадалёку ў горадзе засталася жыць. Замуж выйшла, і зяць неблагі, ды самае галоўнае ўнук і ўнучка ёсць.

Ды і кажуць яны мне: “Матуля. Хопіць табе. Адпрацавала сваё. Адпачывай. Нам на хлеб грошай пакуль хапае”.

Ну, я і паслухала іх. Выпісала адну газету, ды зяць тэлевізар прывёз. Добры тэлевізар, аж тры каналы браў. І так добра было. Глядзіш тэлевізар, ну, цуд нейкі, аж не верыцца, да таго ў нас усё добра, рэкі малочныя цякуць. А пачытаеш газеты, то яшчэ і лепей – берагі у нас кісельныя. І самае галоўнае – пенсія ж ідзе. Дзякуй. Дзякуй. Я сабе на хлеб пакіну, ёсць што і  ўнукам даць. А самае галоўнае, кожны ж з нас, нягледзячы на тое, якія б ні былі запяспечаныя дзеці, усё роўна на пахаванне (няхай Бог яго надалей мінае),  але ж пакідае. Як кажуць у народзе, на «чорны дзень».

Дык вось, жыву я. Каб нікому не салгаць, вельмі добра жыву. Пенсію я атрымліваю. Не вельмі трачу. Хаваю. Што ж зробіш? Жыццё прывучыла.

На ўсе выбары хаджу. Мясцовых, раённых, абласных кандытатаў, усіх выбіраю. Як толькі скажуць пра каго і пакажуць за каго, я маю на ўвазе ў  газеце і тэлебачанні, я адразу за іх іду галасаваць. Ну, а калі самыя галоўныя выбары… Ну, вы ж ведаеце пра што я кажу… Тут і думаць нельга. Іду і галасую. Я ж помню яшчэ тыя выбары. Ого-го.. Калі гэта было…

Ды апошнім часам, хоць і старая, а гляджу, нешта не тое робіцца. Прыехаў зяць, як мае быць, з дачушкай маёй, унукам ды ўнучкай. Я ж як магла стол ім накрыла, напарыла, насмажыла, наварыла ды ўсіх за стол запрасіла. Тэлевізар ім уключыла, а як жа, каб ім прыемна было. А якраз праграма “Навіны” ішла. От думаю, паглядзяць пра цудоўнае жыццё, і ў іх добры настрой будзе. Але ж, гляджу пасля ж першых слоў дыктара з тэлебачання мой зяць ды дачушка нешта нос вернуць, быццам я ім страву перасаліла. Зяць зазлаваў, аж лыжку кінуў: “Глянь што паказваюць! Тут цэны растуць, як той бамбук, заробкі ж на месцы, як поспехі нашых хакеістаў у  міжнародных спаборніцтвах”. А дачка і кажа: “Няхай бы іх  спартсменаў тыя цэны ўперад на перамогу падштурхоўвалі, як цэны на грэчку ды на макароны”.

А я маўчу. Маўчу ды думаю. Чаго ж вам кепска? У нас у краіне лядовыя палацы, нават зараз, як кажуць у тэлевізары, замест былой малочнай фермы і ў нас у сельскагаспадарчых кааператывах будуць такія ж ляднікі. Жыві ды радуйся. А ўнук яшчэ бацьку ды кажа: “У бабулі смачная страва. Але ж бацька, можа, давай пойдзем “Кока-колы” купім”. А зяць, гэтакі ж наравісты, ды і кажа: “Пачакай, паглядзім, колькі ж у нас грошай ёсць”.

Тут я не вытрымала: “А ўнучачак ты мой. Я ў твае гады лебяду ела ды ваду з балота піла. А табе ж пасля маёй ежы  кулы-колы нейкай хочацца?”. А ён мне у адказ: “Бабуля, няўжо ты не ведаеш, што нас нават у школе вучаць, што нельга піць забруджаную ваду, тым болей з балот. Бабуля, ты ведаеш, колькі ў балотах мікробаў? Гэта ж столькі ад іх захворванняў. Ты што, бабуля? Сёння ж ХХI стагоддзе. А ты хочаш, каб твае ўнукі пілі ваду з балот ды яшчэ лебяду елі?! Ну ты і дзіўная бабуля”. Маўчу я. Што ім такім разумным адказаць? А тут яшчэ ўнучка кажа: “Мама,  у мяне ж ужо красоўкі зусім знасіліся.” Гляджу,  дачка нешта нахмурылася, як бы быццам пра сябе нешта падлічыла ды і кажа: “Даражэнькая ты мая, зараз красоўкі пасля гэтага крызісу каштуюць амаль палову мае зарплаты. Нешта ж усё роўна будзем думаць, што табе абуць”.

Не стрымалася я ды і кажу: “Унучка мая дарагая, я ў твае гады босая хадзіла. А як хочаш, то ў мяне на “гары” ляжаць мае туфлі свадзьбовыя, калі я замуж выходзіла. Табе аддам”. А яна мне ў адказ:” Бабуля. Ну што раўняеш. Няўжо ты ўсё жыццё працавала, каб твая ўнучка праз столькі гадоў зноў, як і ты, босая хадзіла?”

От не ўнаравіла ёй. Бач ты, якія вы ганарыстыя сталі. Я ім і кажу: “От унучкі мае, вы яшчэ вайны не бачылі”. А яны мне ў адказ: “Бабуля. Ці вашаму пакаленню было мала вайны? Няўжо вы хочаце, каб мы тую вайну бачылі? Нам патрэбна без вайны жыць. Чаго вы нас ёю увесь час пужаеце? Дакараеце, што мы яе не бачылі? Паверце, пра яе і чуць не хочам, і бачыць тым больш. А калі не дай Бог прыйдзе тая вайна, і калі будзе пагроза нашай Радзіме, мы будзем ваяваць за яе”.
Я змаўчала. Але ж гляджу, зяць нешта занерваваўся. Курыў такую цыгарэту з фільтрам і на табе, пальцам агонь з яе збіў і ў кішэню схаваў. Я кажу: “Не злуйся, зяцёк. Усё вы скардзіцеся, што вам цяжка жыць, а сам вось цыгарэту не дакурыў і ўжо выкідваеш. Ды не саромейся, не хавай у кішэню. Кідай на падлогу. Вось мой муж, царства яму нябеснае, усё жыццё тытунь хатні  курыў, як помню, зацягнецца той самакруткай з ранку, то да вечара ад кашлю заходзіцца.”

А зяцёк дый кажа: “Дарагая мая цешча, не патрэбен мне той тытунь, каб кашляць, я хачу, каб у цыгарэтах было менш смол, каб быў чысты тытунь. Таму і куру такія. Але ж яшчэ учора гэткія цыгарэты каштавалі 4 тысячы рублёў, а сёння яны каштуюць ужо больш за 6 тысяч. Я ж не Абрамовіч”.
Пагляньце, як запсіхаваў. А тут яшчэ і дачка пачала расказваць, што і макароны падаражалі, і каўбасы, і алей. Скардзіцца, што цяжка ім жыць стала.
Расхвалявалі мяне. Такія яны гаротныя. У мяне аж ціск падняўся.

Кажу дачцы: “Нешта ціск у мяне падняўся. Як будзеш ехаць наступны раз, то купі мне лекаў якіх ад нерваў. Я табе тыя дзесяць тысяч аддам за іх”.
А яна ж, дачушка мая, аж заплакала ды і кажа: “Матулечка родная, ты толькі не хварэй, усё што трэба, я табе прывязу”. А ўнучка падышла дый кажа: “Мама, чаго ты бабулю падманваеш? Ты ж сама казала, што за сто тысяч зараз мазь на прышчык на твары не купіш, такія лекі дарагія сталі”.
А зяць кажа: “Цешча мая залаценькая, так ужо здарылася, што кожныя выхадныя да вас прыехаць не зможам. Самі зразумейце,  учора яшчэ бензін быў каля  трох тысяч, за два дні стаў ужо каля пяці тысяч. Дзе ж тут наездзішся?”

Зазлавалася я трохі. От думаю, не шануюць мяне ні зяць, ні дачка, ні унукі. Ды кажу: “Дзеткі вы мае, лябяды вы не елі  ды босымі не хадзілі. А то бач, то красоўкі ім нейкія трэба, то макароны дарагія. Абы вайны не было і пенсію давалі”.

Сказала і пайшла я да свайго любімага тэлевізара. Уключыла. Як усё добра ў нас. Мабыць, лгуць дзеці і ўнукі. А перад сном пачытала сваю любімую газету. І раптоўна позірк наткнуўся на аб’яву “Рытуальныя паслугі”. Дамавіна каштуе. Ая-ёй!  Не паверыла сваім вачам. І вось што я думаю. Мабыць, гаротнае жыццё мяне так прымушае думаць. У кожнага пакалення свае лебяда. Свая страва. А ці будзе  падабацца яна ім, ці не… Гэта іх справа. І абуваць тое пакаленне ў лапці, тое што насілі мы, непатрэбна. Другое пакаленне, а мы, старыя, спрабуем іх вучыць жыць, як мы жылі. А мы і жылі так, што елі лебяду ды босыя хадзілі. Таму няхай зараз маладыя і вырашаюць, бо эгаісты мы, і кажучы пра тое, што жывем для іх, усё ж паглядаем і думаем толькі пра сваю пенсію, за якую ўжо і труну не купіш.

Новости

Из рубрики
Top