weather

USD 2.5623

EURO 3.0749

RUR(100) 3.4247

search

спецпраект «Ганцавіцкага часу»

ВЁСКА ЯСЯНЕЦ: АПОШНІЯ ГАДЫ ПЕРАД ЗАБВЕННЕМ

тэкст: Аляксандр Пазняк

фота, дызайн: Сяргей Багроў

Адметнасцю вёскі Ясянец, што ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, з’яўляюцца… могілкі. Гэтыя могілкі – адзінае, што тут засталося. Бо сама вёска зараз стаіць на парозе смерці.

 

Тут некалі хавалі шляхту нават з далёкіх мясцін. Тут знаходзяцца капліцы-усыпальніцы вядомых заможных і знатных радоў Вендорфаў і Яленскіх.

 

У Ясянцы многія памерлі, маладзейшыя з’ехалі, а засталіся адзінкі. А што будзе з вёскай? Забвенне ці цуд і яна адрадзіцца?

ЗМЕСТ:

Жыхары Ясянца расказалі пра былое і сучаснае сваёй вёскі
За 18 кіламетраў на паўночны ўсход ад горада ляжыць вёска Ясянец. Паводле кнігі “Памяць” па Ганцавіцкаму раёну на 1997 год тут размяшчалася 20 двароў і 57 жыхароў. Раней ў вёсцы быў буйны калгас, дзе трымалі кароў і некалькі тысяч авечак. Але бяжыць час. Што ў вёсцы цяпер? Хто тут жыве? Чым займаюцца людзі?

Няма таго, што раньш было

Калі журналісты уехалі ў вёску, то першае, што ўбачылі, дамы, якія сведчылі аб тым, што гаспадары даўно іх пакінулі.

Калгас таксама разбурылі. Жыхароў у вёсцы амаль няма.

 

Паразмаўляяць ўдалося не адразу.Два чалавекі, якіх мы ўбачылі былі негаворкія і насупленыя. Аднак адзін з іх паказаў дом, дзе жыве стараста. Да яго мы і пакрочылі.

 

Прыход незнаёмцаў першымі заўважылі малыя “разведчыкі” – унукі Уладзіміра і Жаны Гайцюкевічаў. Саша і Рома апавясцілі дзеда з бабай пра нечаканы прыход гасцей.

 

У праём каліткі адразу высунуўся гаспадар, які ўпусціў нас на двор. Спыталі папіць. Гаспадыня хутка набрала з калодзежа, у якім помпавы рухавік, халоднай прыемнай вады.

Займаючыся хатнімі клопатамі, паміж справамі, Уладзімір распавёў:

Жыхары Ясянца расказалі пра былое і сучаснае сваёй вёскі

Я не мясцовы. З вёскі Мельнікі. Але жыву тут 30 год. Дзевяць жыхароў засталося ў нас. А прыпісана дваццаць. Працую ў калагасе ў Востраве вартаўніком, а жонка загадчыцай фермы.

Уладзімір Гайцюкевіч

мясцовы жыхар

У вёску амаль штодня прыязджаюць райпоўскія, або еўраоптаўскія машыны, так званыя аўталаўкі. Купляй, не хачу. 

 

Але людзей каля іх амаль не бывае. Гаспадыня кажа: 

 

“Закупляемся ў Востраве, бо я там раблю. А аўталаўку пільнаваць трэба, бо адзін дзень прыедзе так, у другі раз па іншаму графіку. А дома спраў шмат, не да пільнавання”.

 

Раней ў вёсцы быў свой калгас. Называўся “Праўда”. Тут трымалі шмат кароў і пяць тысяч авечак. 

 

Жыццё для вясковых жыхароў было імклівае. Але ў адначассе ўсё пачало мяняцца.

Я сама 1969 года. У 1984 годзе скончыла восем класаў. Старшыня калагаса загадаў мне, каб ехала вучыцца ў Ляхавічы на чатыры гады на заатэхніка. Авечак жа шмат было. Я паехала на тую вучобу. А пакуль вучылася, дык і авечак усіх папрадалі, а калгас раскідалі. Усё ідзе на спад. Тады дваццаць два гады рабіла начальнікам пошты ў Начы і Мельніках. Пятнаццаць апошніх год была начальнікам паштовага аддзялення. Пошту таксама закрылі. Паштальён яшчэ быў трохі, а потым і пасаду паштальёна скарацілі. Стала на біржу. З біржы накіравалі ў Востраў. Раблю з мужыком цяпер у Востраве. Мужык звычайна на ноч ідзе вартаваць, а я ўдзень працую. Але адпрасілася сёння, бо з унукамі трэба быць. Месца ў нас добрае. Тутака і грыбы,  і ягады, і свежае паветра. Усе ўнукі з усіх хат заўсёды былі тут кожнае лета. А цяпер няма куды ехаць.

Жанна Гайцюкевіч

мясцовая жыхарка

Жыхары Ясянца расказалі пра былое і сучаснае сваёй вёскі

Пытаюся: «А як думаеце, што трэба, каб ажывіць вёску?»

«Ооо, яе тут ніхто ўжо не ажывіць!»

 

«Большыя вёскі пустуюць. А нашая і так пустая ўжо, – па чарзе адказалі Гайцюкевічы.  —У Лактышах дык яшчэ выкупаюць хаты. Там рака, рыба. Мінскія людзі там адпачываюць. А ў нас ні ракі, ні рыбы, канава толькі, глуш», – адказвае гаспадар.

 

«Раней людзей шмат было. Столькі хат некалі стаяла. Людзі занятыя на ферме былі, праца была, ўсё было. Сёння нічога няма. Шмат папамерла людзей, астатнія павыехалі. У Лойкі Алены Міхайлаўны чацвёра дзяцей было. Усе павыехалі. Ніхто тут не застаўся. Рапейкі, Бронакі, Рапейкі, Зайцы… Усе іхныя дзеці з’ехалі адсюль. А раней было весела», – кажа Жана.

Гаспадары штодня летам топяць печ у лазні, бо трэба наварыць ежы парасяці, ды і памыцца самім пасьля дзённай працы. 

 

 

Унукам Рому і Сашу ў вёсцы падабаецца. Дзядуля зрабіў для іх адмысловыя арэлі з аўтамабільнай сядушкі. 

 

Пагадзіўся гаспадар завесці і паказаць нам мясцовыя могілкі са шляхецкімі капліцамі. Разам з ім і ўнукамі рушылі да іх.

 

 

Па дарозе Уладзімір распавёў пра прыезд у Ясянец Юрыя Жыгамонта – самага знакамітага дылетанта Беларусі.

 

Восенню 2019 года ён пабываў тут і зрабіў праграму. Яна так і называецца «Падарожжа з Жыгамонтам. Вёска Ясянец».

Галасы сівой даўніны

У вёскі Ясянец ёсць свая легенда. У ёй сказана, што калісьці тут быў вялізны горад, у якім гаспадарыў князь Ясь. Але сусед у Яся быў нядобразычлівы і зайздросны. Ён бачыў, што людзі ў горадзе жывуць добра і напаў на яго. Хітрасцю завалодаў ім і забіў князя Яся. 

 

 

Людзі ганарова пахавалі свайго валадара, але служыць злоснаму новаму гаспадару не сталі, разбегліся хто куды. А месца, дзе пахавалі Яся і празвалі Ясянец.

 

У Ганцавіцкім краязнаўчым музеі захоўваецца старажытны дакумант, які кажа аб тым, што ў Ясянцы калісьці бурліла жыццё. Тут захоўваецца гадавая ведамасць Ясянецкай суконнай фабрыкі, якая месцілася ля ракі Ясенчык. Калі яна была заснаваная ніхто не ведае, але належыла яна, як і сама вёска, вядомаму шляхецкаму роду Абуховічаў.

Але дакладна вядома, што тут стаяла тры будынкі, у якіх было 30 ткацкіх станкоў, механічныя машыны, ткацкія станкі і фарбавальныя катлы. Было тры будынкі: два па трыццаць метраў, а трэці сорак пяць метраў. Працавала тут больш за 30 чалавек.

 

Для суконнай фабрыкі закупалі іспанскую воўну ў памеры 20 пудоў (амаль 300 кг). А простай воўны куплялі 300 пудоў, што складае амаль 5 тон. Для фабрыкі таксама закуплялі алеі, мыла, гусінае сала і іншае. 

 

 

Фабрыка вырабляла высокаякаснае сукно чатырох гатункаў. Пасьля захопу Вяліка Княства Расійскай імперыяй, фабрыка перастала існваць.

Стаяў у вёсцы і драўляны палац мясцовых дваранаў — Абуховічаў. Яго разабралі пасьля ІІ Сусветнай вайны і перавязлі ў вёску Гуту, дзе з гэтага дрэва зрабілі школу і сельскі клуб. Вакол палаца існаваў парк, ад якога захаваліся і па сёння кусты бэзу, акацыі, старыя ліпы, лістоўніцы і дубы.

У Ясянцы існуюць старажытныя могілкі, куды шляхта адвозіла сваіх памерлых. На ўзгорку могілак стаіць пахавальная капліца Вендорфаў. З гэтага роду паходзіць шэраг паўстанцаў з войска Кастуся Каліноўскага, якія змагаліся ў 1863 годзе з царскімі расійскімі войскамі. Пасьля прыходу Саветаў капліца была разрабаваная, труны парушаныя, таблічкі з імёнамі пахаваных знішчаныя.

Таксама на могілках стаіць капліца старажытнага роду Яленскіх. З гэтага роду паходзіла Эма Яленская, пісьменніца і збіральніца народнага беларускага фальклору. З Яленскіх шмат хто служыў ад усяго сэрдца сваёй Айчыне. 

 

Падчас ІІ Сусветнай вайны партызаны заклалі пад магутныя дзверы капліцы, якія закрываліся на 16 абаротаў, міну і ўзарвалі скляпеньне. Капліца Яленскіх, як і Вендорфаў, была разрабаваная. Але і сёння замшэлыя камні будынкаў нагадваюць пра былую гісторыю гаспадароў вёскі.

Размова ў альтанцЫ пад ліпай

Ля дома Ірыны Аскеркі расце старая вялікая ліпа. На двары альтанка з кветкамі ў вазонах. Тут мы і прыселі. Гаспадыня ўжо восьмы год на пенсіі. Ёй 63 гады. Бадай што адзіная крыніца інфармацыі для яе — тэлевізар з дзяржаўнымі каналамі і раёнка.

Жыхары Ясянца расказалі пра былое і сучаснае сваёй вёскі
Працавала прадаўцом, потым сацыяльным работнікам, а потым пайшла на пенсію. Маю траіх дзяцей. Дачка жыве ў Навагрудку, а сын у вёсцы Ганцавічы. Яшчэ адзін сын на заробкі ездзіць. Мужа няма ўжо як тры гады. Ён родам з Вялікіх Круговіч быў. Таму ў мяне прозвішча круговіцкае. Працаваў трактарыстам, ды памёр ад абшырнага інсульта. Сын прыязджае на выходных з сям’ёй. Пакосяць і ў мяне, і каля дома, дзе жыла мая мама. Чакаю іх.

Ірына Аскерка

мясцовая жыхарка

Успомніла Ірына і маладыя гады. Распавяла, што да мясцовых дзяўчат прыходзілі хлопцы з усіх навакольных вёсак. Ладзіліся файныя танцы, ды і народу шмат было. А цяпер пустыя дамы…

«‎Я заўсёды за Лукашэнку галасую. Але нешта пенсію перастаў дабаўляць. Аднак ён харошы. З усімі можа дамовіцца. Я другога не хачу. З адным бацькам лепей жыць, а другога не трэба. У Беларусі хапае ўсяго. Раней ездзілі за кілбасой, манадарынамі, апельсінамі на Украіну, альбо ў Мінск. Цяпер і машыны, і матацыклы… Адзіная праблема – адсутнасць працы»‎, – кажа Ірына.

Прадавец ведае густы і асаблівасці пакупнікоў

Неўзабаве прыехала райспажывецкая аўталаўка. Прадавец Вольга Валуевіч і шафёр былі здзіўленыя новым людзям. Але ўбачаўшы, што мы свае, ганцавіцкія журналісты, пачала бойка распавядаць пра працу.

Я вельмі добры прадавец. Раней працавала ў Раздзялавічах у магазіне. Потым у Яловай восем месяцаў. Папрасілі сюды, бо ніхто не хоча па дарогах ездзіць. Я сорак год у гандлі. 27500 за мінулы месяц зрабіла. Я план заўсёды выконваю. Мне праца падабаецца. Старшыня наш новы таксама добры. Новая машына ў нас з’явілася з ім. Чалавек стараецца, працуе. Люсіна, Макава, Ліпск, Малькавічы… Дзе мы толькі не бываем?!

Вольга Валуевіч

Прадавец

Жыхары Ясянца расказалі пра былое і сучаснае сваёй вёскі

Машына з таварам пастаяла пэўны час. Але людзей амаль не было. Падыйшло пару чалавек за цыгарэтамі і хлебам. Але маршрут аўталаўкі не заканчваецца Ясянцом. Работнікі райспажыўтаварыства едуць далей.

Напрыканцы Вольга Валуевіч сказала:

 

“Я як прадавец аўталаўкі ўсіх паімённа ведае, хто што курыць, хто што купляе, хто чым дыхае. Гэта мая прафесія. Я яе люблю”.

 

Пасля ад’езду аўталаўкі, настала цішыня. Здавалася, што жыццё застыла на стагоддзі. 

 

Але аблокі, якія хутка рухаліся ад ветра казалі пра тое, што час ідзе. А з ім мяняецце і жыццё краіны, горада, вёскі, чалавека.

 

Жыхары Ясянца расказалі пра былое і сучаснае сваёй вёскі

ПАДЗЯЛІЦЦА Ў САЦЫЯЛЬНЫХ СЕТКАХ:

Поделиться в vk
VK
Поделиться в odnoklassniki
OK
Поделиться в telegram
Telegram
Поделиться в facebook
Facebook
Поделиться в twitter
Twitter
Поделиться в whatsapp
WhatsApp
Поделиться в email
Email
Поделиться в skype
Skype
Top