weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Хочаш гуляць у футбол – бяры з сабой касу

Расчараванымі засталіся ганцавіцкія аматары футбола, якія прыйшлі на аб’яўлены таварыскі матч паміж камандамі ПМК-14 і зборнай г. Пінска, які павінен быў прайсці ў нядзелю, у 16 гадзін, у Ганцавічах. З-за таго, што на стадыёне трава стаяла ў калена, матч у той дзень каманды згулялі ў вёсцы Бобрык Пінскага раёна.

Нарыхтоўка сена на стадыёне горада Ганцавічы ў самым разгары
Нарыхтоўка сена на стадыёне горада Ганцавічы ў самым разгары / Фото: Петр Гузаевский

Жаданне футбалістаў парадаваць ганцавіцкіх балельшчыкаў, на жаль, не спраўдзілася. Стадыён, які павінна ў належным стане падтрымліваць Ганцавіцкая СДЮШАР, аказаўся непадрыхтаваным. Намаганні былі толькі з боку саміх футбалістаў. Некалькі чалавек шчыравалі там з вечара ў суботу і да абеду ў нядзелю. Але трава ўрадзіла такая, што касцы да 13 гадзін не змаглі скасіць і палову стадыёна. Спробы знайсці трактар з касілкай поспеху таксама не прынеслі. Абзванілі кіраўнікоў усіх арганізацый, дзе такая тэхніка магла быць, але знайсці ў выхадны дзень, ды яшчэ ў прафесійнае свята Дзень будаўніка, цвярозага трактарыста, напэўна, цяжэй, чым павырываць траву рукамі. У нас жа гэта свята адзначаюць амаль усе, і няважна хто ён, будаўнік, вадзіцель, пажарны ці работнік гандлю – зараз усе нешта будуюць.

Карацей, “вінаватымі” аказаліся футбалісты, якія не ўмеюць касіць, таму матч у Ганцавічах не адбыўся.
Няпростай задачай аказалася ўвогуле знайсці стадыён, куды б можна было б запрасіць гасцей і згуляць матч. Высветлілася, што не толькі ў горадзе, у раёне няма нармальнай футбольнай пляцоўкі. Праўда, ў Хатынічах некалькі тыдняў таму стадыён быў скошаны, але часу прайшло ўжо шмат, таму рызыкаваць не сталі і сустрэчу прызначылі на нейтральнай пляцоўцы ў вёсцы Бобрык Пінскага раёна.
Пагрузіўшыся на пяць ці шэсць легкавушак, футбалісты паехалі ў вёску Бобрык. Невялікая вёсачка, але стан стадыёна і ўвогуле спартыўных пляцовак, выклікаў у здзіўленне і добрую зайздрасць. Пляцоўка скошаная, роўная, лініі высыпаныя. Павесілі сеткі на вароты і гуляй.

Пашанцавала тым, хто змог прыехаць на гэты матч, у тым ліку і аўтару гэтага артыкула.

Гульня атрымалася захапляючая і цікавая. У першым тайме пінскія футбалісты больш валодалі ініцыятывай, больш атакавалі і на перапынак пайшлі з лікам 3:2 на сваю карысць. Праўда, у ПМК-14 была магчымасць зраўняць лік, але Аляксандр Дайлід не забіў пенальці.

У другім тайме ў нашай камандзе адбылося некалькі замен. На полі былі не толькі маладыя хлопцы, але і ветэраны футбола Уладзімір Студзент з М. Круговіч, Андрэй Жалезны, былы трэнер каманды ПМК-7, якой ужо, на жаль, няма. Апошні выйшаў у другім тайме і забіў два галы. Пяць галоў забілі футбалісты ПМК-14 у другім тайме, прапусціўшы ў свае вароты толькі адзін мяч. У выніку перамога ганцаўчан 7:4.

Усё было прыстойна, з  узнагароджваннем Кубкам пераможцаў і граматамі каманд-удзельніц, агульным здымкам на памяць. Толькі засмучала, што гульня прайшла не ў  Ганцавічах і амаль без балельшчыкаў. Пра гэта шкадавалі нават пінчукі, якія чулі, што у Ганцавічах на футбол балельшчыкі ходзяць з задавальненнем.
Чаму так адбылося, аўтар гэтага артыкула запытаўся ў начальніка аддзела фізкультуры, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама Паўла Сідаровіча, які па тэлефоне адказаў, што пра запланаваны матч яму не паведамлялі.

“Казалі пра іншую сустрэчу з камандай з Лунінца, але яна плануецца, можа, верасні ці кастрычніку. Не ўсё так проста. Каб арганізаваць сустрэчу, патрэбна паведаміць і ў райаддзел міліцыі, забяспечыць прысутнасць урача”, – сказаў Павел Аляксандравіч.

Прадстаўнік ПМК-14 Мікалай Курылік, які быў ініцыятарам правядзення таварыскай сустрэчы патлумачыў “ГЧ”, што ён казаў П. Сідаровічу пра матч за некалькі дзён да яго правядзення. “Мы вырашылі парадаваць ганцаўчан, аматараў футбола, і самі паспрабавалі арганізаваць сустрэчу па футболе, запрасіўшы пінскіх футбалістаў.Начальнік ПМК-14 Віктар Карпач з разуменнем аднёсся і дапамог сродкамі, але я нават не дабіўся каму даслаць заяўку на правядзенне, ці то САШ №1, ці СДЮШАР, ніхто нічога не ведае, – сказаў М. Курылік. – Сорам, што ў Ганцавічах так запусцілі футбол, які некалі славіўся не толькі ў вобласці. Прыйшлося ў спешным парадку шукаць іншае поле, бо ўжо  перад гасцямі было няёмка”.

Едучы дахаты з футбалістамі, абмяркоўвалі матч і стаўленне да футбола кіраўніцтва. А па прыёмніку якраз казалі пра развіццё футбола ў рэгіёнах. Пра тое, што кіраўніцтвам дзяржавы ставяцца ў 2011-2015 гадах задачы  яшчэ больш надаваць увагі развіццю масавасці і папулярызацыі футбола. Пра тое, што адказнасць павінна быць ускладзена ў першую чаргу на чыноўнікаў ад спорту на месцах…
У Ганцавічах, відаць, свая праграма “развіцця футбола”. Хочаш гуляць у футбол – прыходзь на стадыён з касой, адмахаў дзялку, згроб сена ў стажок і гуляй. Размінка ўжо не патрэбная, некалькі ўкосаў і на карову сена можна нарыхтаваць. Будзе і папулярызацыя, і рэйтынг. Аж журналістаў газет і тэлебачання адбою не будзе! Ну, дзе вы яшчэ ў краіне знойдзеце такое, каб футбалісты перед матчам самі касілі стадыён? Да таго ж паралельна яшчэ і конкурс на лепшага касца можна праводзіць. Вось толькі, бяда, на стадыёне кратоў распладзілася, халера на іх, нарабілі гурбаў зямлі – косы будуць тупіцца…

Новости

Из рубрики
Top