weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Старэйшая жонка

Вова чалавекам быў звышсціплым, працалюбівым і ад прыроды даверлівым і бясхітрасным. Гэтыя рысы яго характару землякі любілі выкарыстоўваць, каб часам пазабавіцца.

Працаваў на ферме даглядчыкам у вёсцы Вялікія Круговічы. Так сталася, што аднойчы з нейчай падачы ўзнялася гамонка жывёлаводаў пра розніцу ва ўзросце са сваімі жонкамі. Вова, часцей маўклівы, счакаўшы пакуль іншыя выкажуцца, вырашыў таксама ўставіць свае пяць капеек, сфармуляваўшы сваю думку прасцей няма куды:

— Мая за мяне на два гады маладзейша.

Жартаўнікоў сярод кругаўцоў заўсёды хапала. Таму сёння ніхто і не ўпомніць, хто адазваўся на тыя Вовіныя словы:

— А ты з якого года?

Вова, хоць і меў той адукацыі паўтара класа і калідор, але ж год нараджэння памятаў:

— З трыццаць восьмаго… А што?

— А жонка твая? – не сунімаўся жартаўнік, не падаючы і знаку таго, што задумаў.

— З саракавого… Ну дык што? – нецярпліва перапытаў Вова.

— Ха-ха-ха! – знарок насмешліва рагатнуў Вовін суразмоўца. – А яшчэ кажа, што жонка ў яго маладзейша! Гляньце-дно на яго!

Вова не разумеў, у чым справа. Зрэшты, як і ўсе, хто прысутнічаў пры размове. Таму, канешне, здзіўленымі позіркамі ўставіліся на іроніка.

— Вова, ты ж граматны чалавек! – аўтар гэтых слоў быў яшчэ і тонкім знаўцам псіхалогіі, таму пачаў з пахвальбы. – Скажы лепей сам, што больш: сорак ці трыццаць восем?

Вова так напружыў мазгі, што, здэцца, маршчыны на ілбе паглыбіліся.

— Хм… Сорак – дзіва што.

— Ну! А жонка, ты казаў, з саракавого ж. А ты – трыццаць восьмаго. Так?

— Так. Значыць, што?

– Значыць, схлусіла! – прагучаў вердыкт так жалезна, што флегматычнага Вову яўна ўзрушыла:

— Ах ты, карга старая!.. – гэта ён ужо ноткамі шалу ўспомніў сваю палавіну. – Пярун бы яе пабраў! А я ж, дурань, і паверыў ёй, як жаніліся. От прыйду дахаты – дзягаю, дзягаю выб’ю з яе хлусню!

Ці было так, як гразіўся на публіку заўсёды рахманы Вова, вяскоўцы так і не даведаліся. Але з чарговага анекдота смяяліся шчэ доўга.

Новости

Из рубрики
Top