weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Каза па мянушцы Шарык

Жыве ў адной з вёсак нашага раёна вясёлы дзядзька, які вельмі любіць пажартаваць над сваімі сябрамі. Людзі хоць і добра ведаюць пра яго натуру, але ўсё ж трапляюцца на яго “вуду”, бо вельмі ж праўдападобна ён “падколвае”.

Фото: oanimals.ru

Дзядзька гэты яшчэ й заядлы паляўнічы. Усё ў яго як мае быць – і стрэльба добрая, і сабакі знатныя. Нават калі-нікалі частуе сяброў “трафеямі” – не раз у торбу траплялі зайчык ці  качка.
І вось аднойчы зімой прыходзіць ён да суседа дый кажа: “Міхась, хадзі, дапаможаш, бо сам не магу, плачу, вельмі ж добры сабака быў”. Сусед пайшоў з ім у лёгкім здзіўленні – што там рабіць трэба з сабакам, што сусед сам не можа? Аказалася, стары паляўнічы сабака Шарык аслеп, і, каб не мучыць жывёлу, дзядзька Трафім яго забіў. А аблупіць сам не змог – ад жалю слёзы вочы засцяць. “Хоць шапку зраблю. Добрая памяць будзе ад маім верным служаку”, – сумна сказаў паляўнічы.

І вось пасля працы сядзяць суседзі, пляшку на стол выставілі, гурок для закусі вылажылі, сала падсмажылі – памінаюць добрага сабаку. А тут да іх у госці зайшоў аднавясковец Анатоль, убачыў на двары адлупленага сабаку дый пытае: “А што, Трафім, на паляванне хадзіў? Казу забіў? Мо пакаштаваць дасі?”
Дзядзька спачатку ледзь не папярхнуўся, хацеў “адшыць” аднавяскоўца, але потым перадумаў (напэўна, таму, што быў ужо ў добрым падпіцці). Вочы яго хітра заззялі, ён і кажа: “Усю бяры, я нядаўна кабана біў, мяса хапае”.

Сусед хапануў тушку Шарыка і павалок дадому. Там ён нават паспеў адрэзаць шмат мяса і на патэльню пакласці, ды жонка прыйшла і пачала сварыцца. “Ты што, здурэў, сабачаціну есці? Выкінь зараз жа, людзі засмяюць”, – крычала яна. Спачатку мужык супраціўляўся, але потым і яго ўзялі сумненні, ён прыглядзеўся, панюхаў – і праўда, “каза” смярдзіць псінай.

Пабег ён да дзядзькі Трафіма: “Што ты мне падсунуў? Гэта ж сабака, не каза!” А дзядзька спакойна кажа: “А чаго ты радаваўся? Няўжо ж я табе цэлую казу аддаў бы? Што хацеў, тое і ўзяў. Сам вінаваты”.
Але віну вырашыў сваю загладзіць і пачаставаў аднавяскоўца гарэлкай з салам.

Мужык усё ж абнюхаў і сала, бо хто ведае, што на гэты раз падсунуў Трафім. З тых часоў ён ні казляціну, ні бараніну не есць, кажа, смярдзіць яму гэтае мяса сабачацінай, і ўсё тут! А іншыя аднавяскоўцы дзядзькі Трафіма, калі ён частуе іх мясам, кожны раз пытаюцца, што на гэты раз ён ім падсоўвае, – сабаку, ката ці ўсё ж зайчацінку?!

Новости

Из рубрики
Top