weather
search

Уваскрэслы нябожчык

Андрон з Талянам купілі сабе невялічкае аўто з кузаўком (двухмесны пікапчык) для шабашак, і пачалі касіць бабосы. Улічваючы тое, што работы не хапала (а было гэта напрыканцы 90-х), прыходзілася хапацца за любую, нават даволі нечаканую.

Сядзяць неяк нашы хлопцы і сумуюць без працы, а да іх ўжо рулюе цётка Мар’я: «Памажыце, хлопчыкі даражэнькія, гора ў мяне, трэба ехаць у Баранавічы па труну. Дзеда Стася трэба хаваць – памёр знянацку, а ў Ганцавічах няма дзе дамавіну купіць».

Параіліся нашы хлопцы між сабой: работы няма, а тут хоць якая, і згадзіліся ехаць. Узялі грошы ў цёткі Мар’і, выслухалі і пазначылі алоўкам яе патрабаванні, якога памеру і колеру павінна быць труна, і назаўтра з самага ранку выехалі ў Баранавічы. Усё склалася найлепшым чынам: прыехаўшы ў горад а восьмай гадзіне, яны хутка знайшлі належную дамавіну і, адстаяўшы ў чарзе, купілі яе і пасля абеду выехалі дадому.

Не паспелі хлопцы ад’ехацца ад Баранавіч і на 2 кіламетры, як бачаць: на краі дарогі стаіць і галасуе мужчына. Андрон з Талянам прыпыніліся і спыталі, куды яго давезці. Дзядзька быў на добрым падпітку і стаяў пахістваючыся, але сказаў, што яму трэба ў Сіняўку. Хлопцы рашылі яго падвезці, бо і самім мо калі прыйдзецца аказацца ў такой сітуацыі, а тут і шарэць пачало, мабыць, на хуткі дождж: была ўжо позняя восень. “Залазь, стары, у кузаў, – кажуць, – але калі гаішнікі спыняць, дык не вылазь”. Дзядзька ажно падскочыў ад радасці і адразу ж сігануў у кузаўчык, а нашы хлопцы, паддаўшы газку, памчалі дамоў.

Каля Ляхавіч хлопцы збавілі хуткасць, бо забарабаніў дождж, а тут яшчэ заўважылі з пяток жанчын: стаяць небаракі мокрыя і махаюць рукамі. Талян прыпыніў аўто, а Андрон апусціў шкло ў акне, каб спытаць, куды іх падкінуць. “Да Сіняўкі нам трэба, а то прамоклі наскрозь, ажно ручаі з нас цякуць, а падвезці ніхто не хоча”. Хлопцы крышку замяліся, а тут цёткі паўлітровы аргумент сунуць. “Залазьце, – кажуць на цётачак, – скачыце ў кузаў, тым больш, дзядзькі ўжо няма: мусіць, вылез і, не аддзякаваўшы, пайшоў дамоў”.

Цёткі палезлі ў кузаў, а Андрон вырашыў пажартаваць і сказаў: “Там, дзяўчаты, нябожчык у труне, але ён ціхі і не буяніць”. Дзяўчаты спалохана прыціхлі ў кузаве, а хлопцы памчалі далей. Па праўдзе кажучы, дарога была не вельмі, а тут яшчэ дождж падліваў, і аўто даволі-такі добра падтрэсала. Мабыць, па гэтай прычыне дзяўчаты ўселіся на труну і прыціснуліся спінамі адна да адной, каб было крыху цяплей.

Калі пад’язджалі да Сіняўкі, дождж скончыўся і прыгрэла сонейка. Хлопцы радаваліся, што надвор’е змянілася, бо даедуць цяпер хутчэй. І тут Талян кажа: “Глянь, што робіцца: нашы дзяўчаты, як тыя пташкі, ляцяць з кузава ў кювет і ў лес уцякаюць. Мо хіба міліцыя, ды хавацца не захацелі”, – думае ён услых, і едуць яны далей. Толькі ўехалі хлопцы ў Сіняўку, як нехта ў кабіну барабаніць. Глядзяць хлопцы – дык дзед той у кузаве грукае. Спыніліся яны, не разумеючы, што робіцца: то быў дзед, то няма, то дзяўчаты ўцяклі. А дзед крычыць: “Што ж вы, ірады, робіце, схаваўся ад дажджу ў труну вашу, а вы, гады, зачынілі вечка, чуць не задыхнуўся там!”

І тут да хлопцаў дайшло: калі дождж пачаўся, дзед у труну схаваўся, а там яго закалыхала, і стары задрамаў. А тут сонейка прыгрэла, стала яму горача, а века не адчыняецца. “Закапалі, заразы!” – падумаў стары і пачаў нагамі і рукамі грукаць і малаціць па веку. Жанчыны, якія сядзелі на труне, страцілі дар мовы. “Нябожчык ажыў, зомбі вылезе!” – заверашчала адна з іх, і сіганулі яны тады ўсе з машыны.

Нарагатаўшыся, паехалі хлопцы дамоў, а дзед накіраваўся ў сельпо стрэс здымаць. Дома хлопцаў чакала непрыемная размова з цёткай Мар’яй. “Што ж вы, нехрысці, бэушную труну прывезлі, яна ж брудная знутры!” – крычала яна. Хлопцы ледзь апраўдаліся: прыйшлося ім павініцца перад цёткай і ўсё расказаць.

Новости

Из рубрики
Top