search

“Дзікія” жарты сяброў

Калі хто з чытачоў родам з вёскі альбо бываў там у бабулі ці іншай якой радні, то ведае, як цудоўна ў вясковых ваколіцах летам. Прырода так і вабіць да сябе, можна пайсці ў ягады альбо грыбы ці на рыбалку, кожны можа выбраць занятак на свой густ.

“Дзікія” жарты сяброў
“Дзікія” жарты сяброў

Дык вось Косцік і Андрон вырашылі пайсці на “ціхае паляванне” – у грыбы. Трэба сказаць, што хоць нашы “хлопцы” былі далёка не юнымі (было ім гадкоў па 50), але жартавалі яны адзін з аднаго ці з суседзяў, як школьнікі.

Ідуць яны па лесе і, жартуючы між сабою, высочваюць грыбы, а то ровар якога-небудзь ягадніка ў кусты зацягнуць ці вядро з ягадамі прыхаваюць, а самі зноў грыбочкі паціху збіраюць. Тут вырашыў Андрон з Косціка пажартаваць. “Пайду прайдуся на сваю мясціну – яна, праўда, крышку ўбаку – ды гляну, ці е там грыбы. Як што е – свісну”. – “Добра, ідзі”, – кажа Косцік, які прыкмеціў некалькі баравікоў пад дубком.

Зразае Косцік грыбы, а Андрон у кусціках засеў і сочыць за ім, а ў галаве розныя ідэі пракручвае, каб пасмяяцца з сябра. І тут убачыў, што Косціку закарцела “па вялікай патрэбе”, бо прысеў той са спушчанымі порткамі пад дрэвам, а навокал поўна слядоў дзікоў. “Стану “дзікам”, – прамільгнула імгненна ў галаве жартаўніка. Падкраўся ён да сябра з тылу і, дастаўшы ножык, лёгенька кальнуў яго ў “карму” і па-свінячаму зарохкаў.

Косцік, які і так “сядзеў”, прысеў яшчэ ніжэй, а затым з дзікім ровам “Дзік!!!” кінуўся наўцёкі, так-сяк падцягнуўшы порткі вышэй. Галлё трашчала, і маладыя дрэўцы гнуліся ў бакі так, нібыта лось бег. І вось пратараніўшы лес так метраў з пяцьдзясят, наш “сахаты” збавіў ход. “Можа, адстаў дзік?” – падумаў Косцік і прыпыніўся, але ззаду ён пачуў дзікі рогат сябра. “Ах ты ж паскуднік, я ж табе ўстрою”, – гыркнуў ён, калі да яго дайшло, што на самай справе адбылося. Схапіўшы з-пад ног жардзіну, ён кінуўся даганяць сябра, трымаючы адною рукою жэрдку, а другою прытрымліваючы порткі.

У той дзень Андрона ён не дагнаў, а праз тыдзень яны памірыліся.

Але неўзабаве Косціку надарыўся выпадак адпомсціць сябру. Толькі пра гэта чытайце ў наступным нумары.

Новости

Из рубрики
Top