search

Хахол-шантажыст

На вясёлае народнае свята Шчадрэц ніякая кумпанія не абмінала хату прымака з Украіны: там заўжды добра адорвалі і чаркай, і шкваркай. Але абавязкова трэ было выканаць песенныя радкі «А хто ў прымах не бывае, той гора не знае…».

Дзядзьку так і называлі на сяле – Хахол. Ён працаваў у калгасе даглядчыкам і ўтульна пачуваўся на беларускай зямлі. І яна яго любіла, і людзі. Было за што. Хахол быў не толькі добрым працаўніком, але і гумарыстам. Праўду сказаць, нярэдка самі смешныя гісторыі ліплі да яго. Звычайна гэта было звязана з выбрыкамі Бахуса.

Зрэшты, гісторыя пра шантаж адна з весялейшых. Хаця… як каму падасца, бо для жонкі Хахла наўрад ці.

Будучы моцным дзецюком, Хахол любіў і – самае галоўнае – мог добра выпіць. Здароўя хапала. Таму нярэдка пасля сяброўскай бяседы Хахол пакуль прыходзіў дадому, бадай, увесь хмель, як ён лічыў, выходзіў. Станавілася сумнавата. Тады ён звяртаўся да жонкі, якая, як ведаў напэўна, мела прыхаваную бутлю ці трохлітровік, па-мясцоваму балён.

Самому шукаць было складана, бо схованка была кожны раз новая: то ў гной закапае, то лахманамі на палку закідае, то ў трэскі пад прыпек, а то і (як зусім на здзек) паставіць кварту ў буфет каля малака, быццам вады свянцонай – у жыцці не здагадацца. Да рэбусаў Хахол схільнасці не меў, таму казаў да жонкі проста і ясна: «Дай сто грам!»

Кабеце, вядома ж, гарэлкі было не шкада (нагоніцца шчэ). Але, як яна справядліва меркавала, колькі ж можна піць. І аднойчы вырашыла пакласці гэтым «дагонкам» канец: «Не дам!!!»

Гром сярод яснага неба, калі б раптам ляснуў, гучаў бы для Хахла тады цішэй. Гаспадар, у якім, як ён палічыў, хацелі разбудзіць прымака, некалькі імгненняў не даваў веры і нават перапытаў. «Не дам!» – прагучала не так рэвалюцыйна, але як прыгавор, які не падлягае абскарджанню.

Разумеючы, што эмоцыямі справе не паможаш, а толькі пасварышся, чаго Хахол не любіў, ён вырашыў, аднак, перахапіць ініцыятыву, балазе ідэя выспелілася ўнутраным абурэннем. «Ах так! Пайду павешуся», – сказаў чалавек без пагрозы, але з такім выглядам, што ў яго забралі апошнюю надзею і іншага выйсця няма. Да таго ж у фразе яўна чыталася: «Табе ж горш будзе, дурніца…».

Сто грамаў не пераважвалі каштоўнасці жыцця. Кабеце давялося іх ашчадзіць. А рэвалюцыю адкласці на потым. Але праз пару-тройку дзён спроба жончынага перавароту мела тыя ж наступствы з дапамогай таго ж аргумента: «Пайду павешуся!» – намацаўшы слабае месца, Хахол вырашыў не напружваць сваё ўяўленне. Тым больш што метад быў дзейсны.

Аднак жонка зразумела, што гэта звычайны шантаж. Таму на некаторы раз знешне спакойна сказала: «Ідзі».

І тут з абодвух бакоў распачалася акцёрская гульня, шматактавы спектакль. Спачатку Хахол толькі выходзіў з хаты, а жонка ўжо бегла вяртаць, абяцаючы шклянку на вячэру. З цягам часу ён адыходзіў далей і далей.

Нервы кабеты загартоўваліся, але ўсё адно здавалі. Дайшоў ён ужо і да гумна, у якім, як прыдумаў пад час такіх гульняў, да кроквы можна было б і прывязаць вяроўчыну. Дайшоў і да вяроўчыны – тоўстай (ёю ўвязвалі сена на трактарных прычэпах) і – як здавалася Хахлу – мяккай для шыі. Дайшоў і да кроквы, для чаго спатрэбілася ставіць драбіны. А метад працягваў дзейнічаць…

Ды жонка ўрэшце сапраўды маральна загартавалася за гэты час і ўспрымала кожную дзею не больш чым таннае акцёрства. Таму чарговае «ідзі», гэтым разам са смачным, у некалькі паверхаў дадаткам не для друку, хоць і прагучала падобна да папярэдніх, але мела на ўвазе катэгарычную вызначанасць: рабі што хоч, а я больш з табою няньчыцца не буду (а можа, і гэтыя словы прагучалі). Ды Хахол, не маючы тонкай душэўнай арганізацыі, прыдаў ім такое ж значэнне, як і папярэднім.

Шлях у такіх выпадках кожны раз павялічваўся на крок. Цяпер Хахол ужо не толькі прыставіў драбіны, не толькі ўзлез на іх, не толькі прывязаў да кроквы тоўстую вяроўку, не толькі зрабіў – хоць і няўдалую – пятлю, але і… прасунуў у яе галаву. Стаў чакаць…

Тым часам жонка сядзела ў хаце, рыхтык на голках. Гонар і сіла волі не пускалі яе абарваць дурную гульню, кошт якой – шклянка сівухі. Колькі мінула часу – кабета не сказала б. Але кожная хвіліна ёй падавалася вечнасцю.

Плаціна цярпення ўсё ж не вытрымала. У нейкі момант жанчына сарвалася і мігам панеслася ў гумно. Вачам яе адкрылася жахлівая карціна: цела мужа плаўна гойдалася ў пятлі на вяроўцы! Роспач нахлынула праз некалькі імгненняў, за якія сялянская кабета паказала спрыт, выхапіўшы аднекуль касу і паласнуўшы ёю па вяроўцы.

«А бу-бу-яго-маць! Заснуў! Прасунуў галаву ў пятлю. Чакаю, чакаю. А яе няма і няма… Ды заснуў! А бу-бу-яго-маць! Дзе ты швэндаешся?!» – апрытомеўшы, разгублена забурчэў Хахол, пераходзячы на крык. І хаця ні ў словах, ні ў інтанацыі ён не выдаваў сваёй віны ў здарэнні, але з таго вечара гульня спынілася.

Зрэшты і самому здарэнню ён не надаваў жыццёвага значэння, віну за яго пры гэтым бачачы ў замаруджаных дзеяннях жонкі. Трэба сказаць, што і жонка больш не спрабавала ўскладняць абстаноўку: што тыя сто грамаў – абы вайны не было!

 

Новости

Из рубрики
Top