weather
search

У Беларусі могуць адключыць тэлеканал «Расія» ці НТВ?

Белтэлерадыёкампанія паўстане перад выбарам — трансляваць далей маскоўскія каналы ці паказваць на ўсю краіну беларускамоўны «Беларусь-3».

Меркаванае з’яўленне беларускамоўнага тэлеканала «Беларусь-3» не толькі дала выдатную інфармацыйную нагоду, але і стварыла пэўную блытаніну. Інфармацыйнае агенцтва БелТА перадало словы старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі падчас спраздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускай канфедэрацыі творчых саюзаў, аднак не ўдакладніла ў яго, што ён меў на ўвазе.

Са словаў Давыдзькі складана зразумець, які статус і якую тэрыторыю вяшчання атрымае новы канал «Беларусь-3».

«Белтэлерадыёкампанія плануе ў сярэдзіне сакавіка 2012 года ў тэставым рэжыме запусціць канал беларускай культуры „Беларусь-3“ … Чакаецца, што ўжо ў кастрычніку ён увойдзе ў абавязковы пакет кабельных аператараў», — такім чынам БелТА перадае словы старшыні Белтэлерадыёкампаніі. «Гэта тая ніша, якая цяпер не запоўнена. З запускам «Беларусь-3» канал «Беларусь-2» стане канчаткова спартова-забаўляльным, а «Беларусь-1» — універсальным каналам.

У перспектыве ў абавязковы пакет кабельных аператараў увойдзе яшчэ і кругласутачны інфармацыйна-аналітычны канал «Беларусь-24», —

а гэта ўжо дакладная цытата заявы Давыдзькі.

Правілы беларускага тэлебачання

Спачатку спрошчанае тлумачэнне сітуацыі.

У Беларусі існуе зацверджаны Міністэрствам інфармацыі спіс тэлеканалаў, якія ўваходзяць у абавязовы агульнадаступны пакет. Іх шэсць — «Беларусь 1» (ранейшы Першы канал), АНТ, СТБ, «Беларусь 2» (ранейшы ЛАД), РТР-Беларусь і НТВ-Беларусь.

Гэтыя каналы мусяць транслявацца і ў аналагавым, і ў лічбавым фармаце.

Для таго, каб атрымліваць аналагавую карцінку, дастаткова трымаць на даху антэну. У такім выпадку можна злавіць сем-восем каналаў. Апроч вышэйпералічаных, дадасца саюзны тэлеканал «Мір» і 8 канал, але тэрыторыя яго вяшчання невялікая. Невялікая колькасць каналаў вызначаецца недахопам свабодных частотаў.

Каб дадаць туды новы канал, трэба спыніць трансляцыю аднаго са старых.

Другі варыянт карыстання аналагавым тэлебачаннем — мець любы тэлевізар і заключыць кантракт з кабельным аператарам, напрыклад, з МТІС у Мінску. Гэтым спосабам карыстаюцца большасць беларусаў, якія жывуць у гарадах. У такім выпадку яны могуць глядзець ад 6 да 70–80 каналаў.

Для таго, каб карыстацца лічбавым тэлебачаннем, таксама ёсць два варыянты. Пры першым з іх трэба абсталяванне, якое падтрымлівае стандарт DVB-T. Тады вы зможаце ў выдатнай якасці глядзець бясплатна сем тэлеканалаў — «Беларусь 1», АНТ, СТБ, «Беларусь 2», РТР-Беларусь, НТВ-Беларусь і «Мір». Другі варыянт — мець тэлевізар ці тэлевізар з прыстаўкай, якія падтрымліваюць стандарт DVB-C, і зноў-такі падключыцца да кабельнага аператара. Тады можна будзе глядзець ў добрай якасці да 100 каналаў.

Але лічбавым тэлебачаннем карыстаецца пакуль мала беларусаў — не кожны дазволіць сабе новы тэлевізар ці лічбавую прыстаўку.

Большасць усё яшчэ глядзіць аналагавую карцінку.

Варыянты дзеянняў «Белтэлерадыёкампаніі»

Такім чынам, Белтэлерадыёкампанію чакае выбар, як трансляваць беларускамоўны «Беларусь-3»? «Наша Ніва» прапануе асноўныя варыянты разгортвання сітуацыі, якія не супярэчаць словам Генадзя Давыдзькі:

1) Пакінуць «Беларусь-3» для кабельных аператараў

У такім выпадку «Беларусь-3» будзе транслявацца фактычна толькі ў гарадах, дзе разгорнутыя кабельныя сеткі.

Ён заменіць адзін з каналаў з фільмамі альбо музыкай, і будзе «бедным сваяком» астатніх дзяржаўных тэлеканалаў. Варыянт выглядае нелагічным, бо навошта ўкладваць грошы ў прадукт, недаступны для вялікай часткі насельніцтва?

Тады і НТВ, і РТР, і «Мір» працягнуць сваё вяшчанне.

2) Зрабіць «Беларусь-3» агульнанацыянальным каналам, што будзе транслявацца ва ўсіх фарматах

Гэтая ідэя выглядае найбольш лагічнай. Свой прадукт, у які ўкладваюцца ўласныя грошы, мусяць глядзець усе беларусы. Ці, прынамсі, мець такую магчымасць. «Беларусь-3» будзе ўключаны ў спіс каналаў, абавязковых для вяшчання, як і казаў Давыдзька. Для таго, каб трансляваць яго праз тэлевежы, давядзецца адмовіцца ад нейкага іншага канала. Якога?

— «Мір». Малапапулярны канал СНД, трансляваць які, аднак, Беларусь падахвоцілася праз любоў да інтэграцыі. Паказваць на яго частаце «Беларусь-3» немэтазгодна яшчэ і таму, што ахоп тэрыторыі Беларусі карцінкай «Міру» невялікі. Часцяком ён слаба ловіцца нават у гарадах.

— «8 канал». Яшчэ адзін канал з мізернай аўдыторыяй, але і тэрыторыя яго пакрыцця вельмі маленькая. Ставіць на яго частату «Беларусь-3» — рабіць яго абсалютна стратным.

— «РТР-Беларусь». Беларуская «копія» расійскага канала, якая належыць Сталічнаму тэлебачанню. Яно і атрымлівае грошы ад рэкламы. На канале з’яўляецца і прадукт беларускай вытворчасці.

Частата (і рэкламныя грошы) не належыць Белтэлерадыёкампаніі, таму «выкінуць» канал будзе не надта лёгка.

— «НТВ-Беларусь». Яшчэ адна копія расійскага канала, якая належыць непасрэдна Белтэлерадыёкампаніі, таму частатой можна будзе карыстацца па ўласным меркаванні.

«НТВ-Беларусь» не мае ўласных перадач, але моцна цэнзуруецца. З яго пастаянна выразаюцца сюжэты, прысвечаныя Беларусі, і нават цэлыя фільмы — дастаткова ўзгадаць «Хроснага бацьку».

Гэта робіць НТВ першым кандыдатам на вылет з інфармацыйнай прасторы.

* * *

А як вырашылі б сітуацыю Вы? Ад чаго б адмовіліся ў першую чаргу — ад магчымага беларускамоўнага «Беларусь-3», «НТВ-Беларусь» ці «РТР-Беларусь»?

Новости

Из рубрики
Top