weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Лукашэнка «пляваць хацеў» на каментарыі Захаду

Падчас наведвання спарткомплексу "Раўбічы" 19 лютага Аляксандр Лукашэнка ў рэзкай форме азваўся пра рэакцыю Захаду на судовыя працэсы ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі пратэсту 19 снежня.

Фото: Свободная пресса

«Скажу, ну, не як прэзідэнт, а як чалавек, вось як беларус. Пляваць я хацеў на ўсе іх каментары. Гэта злыя і непрыстойныя людзі», — заявіў Лукашэнка, выказванні якога былі перададзеныя па айчынных тэлеканалах.

«З імі нельга ні размаўляць, ні выстройваць якія-небудзь адносіны, — сказаў ён. — Тым больш, я сёння абсалютна ведаю, упэўнены, чаго яны хацелі ў Беларусі. Яны правалілі тут усё, яны патрацілі сотні мільёнаў долараў. Праваліўшы, яны сёння пачынаюць, для таго каб апраўдацца, лямантаваць на ўвесь свет, што тут ледзь не вязні палітычныя. Ніякіх тут вязняў няма, звычайныя бандыты, былыя зняволеныя, і не па адным разе. Таму што тут каментаваць? Гэта іх права. Няхай заяўляюць».

«Я, шчыра кажучы, не ведаю і не чытаю нават, пра што яны кажуць, таму што зразумела, што яны скажуць. Яны ж не паказалі праўду нідзе, яны ж праўду не сказалі, яны баяцца гэтай праўды. А мы ведаем, чаго хочам: мы павінны будаваць сваю краіну. Час усе вылечыць. Час — галоўны суддзя, час вырашыць. Сумленныя і прыстойныя людзі, якія прыязджаюць у Беларусь, яны ніколі, ад’язджаючы адсюль, не кіўнулі на нас нават пальцам», — заявіў Лукашэнка.

Заходніх палітыкаў ён назваў «махлярамі, якія падзялілі ў свой час грошы разам з нашымі, падкрэсліваю, сотні мільёнаў, і гэтыя грошы пайшлі прахам».

«Ім трэба сёння апраўдацца. Таму трэба супакоіцца і менш глядзець, што дзесьці нехта вякнуў, хто там што сказаў, — сказаў беларускі кіраўнік. — Чыноўнічак маленькі, дробная сошка з падваротні вякнуў. А мы адразу пачынаем варушыцца і плакацца, што, ай-яй-яй, нешта здарылася. Слухайце, калі ў нас у Беларусі такога кшталту чалавек нешта кажа, ніхто не ведае, нават сусед пра гэта не ведае. А мы гэта выцягваем з Еўропы і пачынаем перажываць. Дый няхай кажуць колькі заўгодна. Яны ў позу не паставяць. Не паставяць. Мы былі краінай, гордай, незалежнай, і будзем, застанемся ёю назаўсёды».

«І мы тут не дазволім зламаць сітуацыю і зрабіць беднымі людзей. Вось калі б быў бардак у краіне, калі б было ўсё дагары нагамі, перакулена, яны б нам апладзіравалі. Яны хочуць гэтага. Гэтага не будзе ў Беларусі», — заявіў Лукашэнка.

«Захад нас заспакойваў, прыязджалі тут вялікія дзеячы правільнай і няправільнай арыентацыі, і мяне ўжо пачалі папракаць у тым, што я, бачыце, асудзіў «галубятню» гэтую і гэтак далей, — сказаў Лукашэнка. — Ну, не падабаюцца мне «блакітныя», я і сказаў, што не падабаюцца. Бачыце, міністры асобныя замежных спраў пакрыўдзіліся на мяне (мяркуючы па ўсім, міністр замежных спраў ФРГ Гіда Вестэрвеле. — БелаПАН.). Чытаю таксама ў гэтым «сметніку» (мяркуючы па ўсім, інтэрнэт. — БелаПАН.). Чаго на мяне крыўдзіцца?»

«Мы ў дэмакратычным грамадстве жывём, тым больш я прэзідэнт і маю права выказаць свой пункт гледжання і сваю пазіцыю. Я яму шчыра і сказаў гэта ў вочы. І за гэта яны, бачыце, крыўдзяцца. Нармальны лад жыцця трэба весці. Мы яго не прымаем, і нам не трэба яго навязваць. У Германіі гэта магчыма, у Польшчы — калі ласка, няхай яны гэтым і займаюцца там, а нам сюды гэтага не трэба. Хаця гэтага дабра хапае, на жаль», — сказаў беларускі кіраўнік.

«Таму ўсё тут сцяклося ў адну кучу і пасыпалася: вось Лукашэнка такі, Лукашэнка сякі. Ну, які ёсць. Мяне абраў народ, і я буду праводзіць тую палітыку, якая нам выгадная, для нашай краіны выгадная», — заявіў Лукашэнка.

Новости

Из рубрики
Top