search

Беларуска ў Амерыцы збірае народныя строі з Радзімы

Часам можна пачуць, што тых, хто з’язджае з роднай краіны і жыве за мяжой працяглы час, перастаюць турбавацца пытанні самаідэнтыфікацыі. І людзі проста прыстасоўваюцца пад рэчаіснасць, губляючы свае карані. Але гэта не датычыцца Волі Дземкі, беларускі, прадзюсаркі і рэжысёра, якая каля 20 год жыве ў амерыканскім Сіэтле.

Фото: Вольга Дземка ў ЗША збірае калекцыю беларускіх народных строяў

ПАЧАЛОСЯ ЎСЁ СА СПЕВАЎ

Жанчына мае незвычайнае захапленьне – збірае беларускае народнае адзеньне мінулых часоў. Гэтым самым яна папулярызуе Беларусь далёка за яе межамі. Яшчэ жывучы ў Беларусі, Волю цікавіла краязнаўства, старажытная гісторыя, а таксама народныя сьпевы. Яна брала ўдзел ў этна-фолкавым гурце “GUDA”, які быў утвораны ў 1996 годзе.

“Спяваць – гэта маё. Калі пераехала ў ЗША, то і тут пачала займацца творчасьцю. Разам з іншымі дзяўчатамі стварылі гурт “VOLIA”, дзе выконвалі народныя песьні. Ён існуе з 2009 года. У гурт прыйшлі знаёмыя дзяўчаты і нават адна не беларуска. Для прыкладу, у “VOLIA” сьпявае балгарка Дарынка, якая вывучала беларускія народныя песьні на факультэце этнаграфіі ў Санкт-Пецярбургу”, — распавядае Воля.

Для выступаў дзяўчынам трэбы было народнае адзеньне якога не было і жанчына пачала шукаць. Першую кашулю Вольга набыла на аўкцыёне “eBay”, на якім была выстаўлена «русское платье».

Але пільнае вока сьпявачкі заўважыла, што гэта нешта зусім іншае. Воля звязалася з прадаўцом і высветліла, што гэта ніякае ня “платье”, а вопратка бабулі прадаўца з Веткаўскага раёна.

“Гэта быў веткаўскі народны строй з Гомельскай вобласці. Хацела даведацца ў гэтага чалавека болей пра яго гісторыю, пра бабулю. Але ён нічога мне сказаў. Не выдаў ніякай інфармацыі. Акрамя гэтага прыгожага строю, набыла яшчэ ў яго рушнікі з гомельскай вобласці, якія ён прадаваў, як “русские полотенца”. Гэта былі першыя зярняты маёй калекцыі”. Так што народнае адзенне – гэта пабочка ад таго, чым я першапачаткова пачала займацца ў ЗША”.

Бярозаўскі строй з калекцыі Волі

Жанчына шукае аўтэнтычныя рэчы ў беларускіх вёсках і інтэрнэт-аўкцыёнах і набывае іх за ўласныя грошы. Штосьці з набытага трэба рэстаўраваць і абнаўляць. Штосьці прадаецца ў вельмі добрым выглядзе. Для некаторых строяў не хапае некаторых элементаў.

Таму, зімовымі вечарамі, калі сын – школьнік Антось глядзіць мульцікі, жанчына дарабляе набытую прыгажосць. Але 90% ад таго, што мае калекцыянерка – гэта рэальнае народнае святочнае адзенне мінулых часоў.

Зараз у Волінай калекцыі 234 элементы адзення, што складаюць поўных 32 жаночых строя ХІХ стагоддзя. Акрамя іх ёсць і 3 мужчынскія. Воля назбірала і палескіх строяў – кобрынскі, жабінкаўскі, бярозаўскі, маларыцкі, альшанскі…

Пакуль няма ганцавіцкага. Воля спадзяецца, што ўсё яшчэ наперадзе.

Захапленне прывяло да таго, што прыйшла ідэя стварыць фотаальбом для таго, каб іншыя людзі змаглі ўбачыць гэтую прыгажосць.

ХВАРОБА І ВАЙНА НЕ ПЕРАШКОДЗІЛІ ФОТААЛЬБОМУ

Першы фотаальбом прафесійная прадзюсэрка і відэаздымачка выпусьціла ў 2021 годзе. Для якога сама адзняла ўсе кадры. У якасці жанчын у строях першапачаткова планаваліся прафесійныя амерыканскія мадэлі.

Але потым Воля зразумела, што гэта будзе зусім не тое, чаго яна хоча. І тады прыйшла ідэя апрануць у старадаўнюю вопратку зводную сястру хрэсніцы – Жэню.

Атрымалася, на думку Волі, выдатна. Бо хударлявая юная Жэня змагла “ўлезці” ва ўсе касцюмы, якія зменшыліся ў памерах ад часу.

“Першы альбом атрымаўся больш як каталог. У ім я паказала, што ёсць ў назбіранай калекцыі. Яго вельмі аздобіла сваёй прыгажосцю Жэня.  Але другі альбом атрымаўся больш грунтоўны. У папяровай версіі ён мае 140 старонак на дзвюх мовах — беларускай і англійскай. Ёсць таксама электронная версія, якую можна набыць у інтэрнэце. Калі ў першым альбоме была толькі мая сваячка Жэня, то ў другім бясплатна да працы далучылася сям’я з Беларусі, якая цяпер жыве ў Сіэтле – Антон і Дар’я Слабада”, — кажа калекцыянерка.

Кобрынскі строй з калекцыі Волі

Выдаць фотаальбом аказалася справай няпростай, бо Воля рабіла яго фактычна паміж сеансамі хіміатэрапіі. Тры гады, як яна ўжо змагаецца з рэдкім цяжкім аўтаімунным захворваннем, пры якім на ёй тэстуюць пэўныя лекі.

Таму нават інтэрв’ю было не так проста зрабіць, бо Воля толькі прайшла чарговы курс “хіміі”.

“Я адношуся да свайго захворвання так, як быццам у мяне вечны каронавірус”, — усміхаецца Воля.

Яшчэ адна акалічнасць – гэта вайна ва Украіне. Справа ў тым, што другі альбом фактычна быў падрыхтаваны 23 лютага бягучага года. А 24 пачаліся баявыя дзеянні.

Воле падалося бессэнсоўным выдаваць альбом, калі ўвага ўсіх, у тым ліку і яе, была прыкаваная да інфармацыйных паведамленняў, а потым да рэальнай дапамогі ўкраінцам, апынуўшымся ў бядзе.

Але яна пайшла на такі крок і альбом пабачыў свет, атрымаўшы самыя лепшыя водгукі.

“Мой занятак – гэта і аддушына, і тэрапія адначасова.  Пры маёй хваробе – гэта пазітыўныя моманты, якія мяне натхняюць. Няма нейкага рэцэпту, каб захаваць беларушчыну. Я ўсё раблю не таму што трэба, а таму што не магу, бо я – творчы чалавек”.

Маларыцкі строй з калекцыі Волі

ПРЫПЫНЯЦЦА НЕ ЗБІРАЮСЯ

Частка калекцыі Волі Дземкі пабывала на дабрачынным вечары ў падтрымку Украіны, які ладзіўся 19 мая і дзе яна прадставіла і украінскія строі.

Падчас яго дабрачынным фондам “You Are The Angel” было сабрана 38 тысяч долараў для украінскіх уцекачоў і жыхароў прыфрантавых тэрыторый на медыкаменты, ежу, ваду і іншага. Часам валанцёры фонда дастаўляюць неабходныя рэчы людзям нават пад артылерыйскім агнём.

10 верасня Воля прадставіць назбіраныя строі на украінскім фестывалі ў Сіэтле “Metropolitan Fashion Week”. Потым плануецца яшчэ адзін паказ у Лос-Анджэлесе, Лас-Вегасе, Нью-Ёрку, Маямі.

“Калі пачала збіраць беларускія строі, стала прыліпаць нешта памежнае, блізкае. Так, акрамя беларускіх, паступова з’яўляліся ўкраінскія. Цяпер у маім куфары 5 жаночых і 1 мужчынскі ўкраінскія строі. Усе яны будуць паказаныя на украінскіх мерапрыемствах у Амерыцы. Прыпыняцца я не збіраюся. Тым больш, што ўкраінскае зараз прасоўваць лягчэй, чым беларускае”, — падкрэсліла Воля.

У планах этнографкі стварэнне беларускага музея ў Сіэтле. Але гэта толькі задумка. А пакуль Воля лічыць, што трэба рабіць усё магчымае, каб паказаць прыгожую Беларусь усяму свету праз колератэрапію народнага адзення.

Жабінкаўскі строй з калекцыі Волі

Пагартаць альбом строяў можна па спасылцы.

Чытайце таксама:

Як «галадаюць» у ЗША – расказаў і паказаў эмігрант Пазняк з Ганцавіч

Новости

Из рубрики
Top