weather
search

Беларус пераехаў у Амерыку і фоткаецца з дыназаўрамі

Калекцыю розных відаў дыназаўраў мне давялося пабачыць у Амерыканскім музеі натуральнай гісторыі ў Нью-Ёрку. Яна ўражвае і стварае пачуццё загадкавасьці нашага жыцця, невядомасці і хуткай мінучасці. У музеі прадстаўлена больш за 600 поўных касцей ці закамянеласцяў дыназаўраў, птэразаўраў, марскіх рэптылій. І гэта толькі малая частка ад больш чым мільёна костак, што даступна навукоўцам музея.

Фото: Аляксандр Пазняк каля шкілета маманта ў музеі ў Нью-Йорку

Уваход каштаваў 5 цэнтаў

У Амерыканскі Музей Натуральнай Гісторыі я вырашыў схадзіць разам з сябрам на свой дзень нараджэння. Трэба сказаць, што ўваход у яго не танны, але жадаючых стаяць доўгія чэргі. Тут можна пачуць польскую, італьянскую, іспанскую, японскую і іншыя мовы. Жадаючыя паглядзець на калекцыі музея едуць з усяго свету.

Дарослы квіток каштуе 23 долары. Але для жыхароў Нью-Ёрка ўваход можа складаць любую суму, нават цэнт. Трэба толькі ў касах музея паказаць дакумент, што ты з’яўляешся рэзідэнтам горада. А я ім з’яўляюся. Таму ўваход мне каштаваў усяго 5 цэнтаў і неабмежаваная колькасць часу ў музеі 23 жніўня была мая.

Акрамя дыназаўраў у калекцыях музея знаходзяцца некалькі дзясяткаў мільёнаў экспанатаў. Тут працуе штат музейных работнікаў колькасцю не менш за некалькі сотняў, бо абслугоўванне вялікага комплекса патрабуе адпаведных высілкаў і клопату.

У гэтым музеі заўсёды шмат наведнікаў

Сам музей быў створаны напрыканцы XIX стагоддзя вучоным Альбертам Бікморам, які шукаў на яго сродкі сярод заможных амерыканцаў. У выніку Бікмор сабраў групу з бізнесменаў, палітыкаў і публічных дзеячаў, якія сталі сузаснавальнікамі Музея Натуральнай Гісторыі. Яго пабудавалі недалёка ад знакамітага Цэнтральнага парка Нью-Ёрка.

Дарэчы ў ім здымалі знакаміты блокбасцер “Ноч у музеі”.

Музей ўваходзіць у топ-10 свету

Каб цалкам прайсціся па музею і ўсіх яго будынках і залях спатрэбіцца не адзін дзень. Нью-ёркскія школьнікі, якія прыходзяць сюды разам са сваімі настаўнікамі для атрымання новых ведаў, наведваюць яго на працягу некалькіх месяцаў. Галоўны будынак, дзе і прадстаўлены дыназаўры падзелены на шэсць заляў з вызначанай тэмай: паходжанне чалавека, каштоўныя камяні, метэарыты, акамянеласці, карысныя выкапні, жыццё акіянаў.

Пцеразаўр

У ім сабрана самая буйная ў свеце калекцыя гістарычных экспанатаў, бібліятэка, якая налічвае каля 500 тысяч розных кніг, рэдкія каштоўныя камяні і асцероіды, якія ўпалі з космаса. Музей ўваходзіць у 10-ку лепшых музеяў свету.

Ведаючы праз інтэрнэт, што за адно наведванне музею немагчыма на ўсім засяродзіцца і ўсё пабачыць, я адразу вырашыў, што буду аглядаць дыназаўраў. Бо ніколі не бачыў гэтых гігантаў і драпежнікаў мінуўшчыны у такім выглядзе, як яны прадстаўлены тут. А гэта сапраўдныя экспанаты, частку якіх можна нават памацаць рукамі.

Усе экспанаты былі дастаўлены сюды падчас экспедыцый ў самыя далёкія куты планеты.

Як Аляксандр Пазняк апынуўся ў Амерыцы, чытайце тут.

Чаму дыназаўры зніклі?

Заля акамянеласцяў размяшчаецца на чацвёртым паверсе галоўнага будынка. Тут знаходзіцца самае незвычайнае — ад касцей і біўней маманта да агромністага шкілета тытаназаўра, які дасягаў у дліну да 15-20 метраў. Такія істоты жылі і ў Афрыцы, і ў Еропе і ў самой Амерыцы шмат тысячагоддзяў назад. Але не гледзячы на свае памеры — гэты дыназаўр любіў не мяса іншых жывёл і драпежнікаў, а зялёную траву.

Цэратопсіс

Разглядаючы дагістарычныя экзэмпляры, якім мільёны гадоў, я зрабіў выснову, што, чым большы дыназаўр, тым ён меньш небяспечны. А меньшыя па памерах — фактычна заўсёды драпежнікі. Яны маюць моцныя сківіцы, вялікія зубы, спружыністыя ногі. Але якіх відаў тут толькі няма: стэгазаўры, трыцэратопсы, пцераноданы, цэлофізы, тыраназаўры… Да наведвання музея я не ведаў нават такіх назваў. А тут тэлефон стаў гарачым ад сотняў здымкаў!

Для прыкладу апатазаўр складаў ў даўжыню 25 метраў і ў сярэднім важыў 30 тон. Ён меў даўгую шыю і моцны хвост. Але харчаваўся лісцямі з дрэваў, што выдатна дазваляла гэта рабіць яго шыя. А вось алазаўр быў драпежнікам. Хадзіў на задніх лапах і меў у даўжыню ўсяго 8 метраў пры вазе ў паўтары тоны. Алазаўр еў іншых дыназаўраў, не гледзячы на іх памеры.

Апатазаўр

Адна дзяўчынка з Польшчы, якая стаяла з адкрытым ад здзіўлення ротам, спытала ў таты, чаму зніклі ўсе гэтыя віды. Той пачаў штосьці ёй тлумачыць, але разгубіўся і не ведаў, што адказаць. Таму кожны наведвальнік музея можа паглядзець фільм пра знікненне гэтых істот.

ЧАМУ ЗНІКЛІ ДЫНАЗАЎРЫ?

Асноўная версія – змяненне клімата, які прывёў да вымірання дыназаўраў. Але чаму змяніўся клімат? У ім прадстаўлена дзве галоўныя версіі. Першая – гэта падзенне агромнага асцероіда на планету, які выклікаў тучу пылу і аскепкаў, зачыніўшых на працяглы час сонца. Ад гэтага пачала знікаць расліннасць, што прывяло да смерці дыназаўраў.

Другая версія — гэта час актыўнасці вулканаў, якія маглі выкідваць мегатоны попелу, што таксама істотна магло памяняць клімат. Так ці інакш, але атрымалася выжыць толькі частцы водных дыназаўраў, адным з якіх з’яўляецца кракадыл, і яшчаркам. Існуюць і іншыя версіі. Аднак вучоныя толькі мяркуюць. А сапраўдныя адкрыцці, як сцвярджаецца ў фільме пра дыназаўраў, нас чакаюць яшчэ наперадзе.

Сцегазаўр

Астэроіды і каштоўныя камяні

Напрыканцы свайго музейнага паходу на некалькі хвілін прыпыніўся ля гіганцкага метэарыта ў 34 тоны, які быў знойдзены ў Грэнландыі. Ён настолькі цяжкі, што ў падлозе музейнай залі зрабілі слупы, якія ўваходзяць непасрэдна ў зямлю, каб не праламілася падлога. І гэта толькі аскепак ад 200-тонага метэарыта, які разбілі на часткі, каб яго можна было прадставіць у розных музеях свету.

Адзін з вялікіх метэарытаў у музеі

У залі каштоўных камянёў, у якую мы завіталі пад канец наведвання, ёсць сапфір “Зорка Індыі” (563 карата, 113 г). Ён мае дзіўную гісторыю. Камень, разам з іншымі каштоўнасцямі, быў выкрадзены ў 1964 годзе рабаўнікамі.

Але праз нейкі час сапфір і іншыя рэчы, акрамя камяня “Арліны алмаз”, былі знойдзены ў камеры захоўвання аўтавакзала Маямі (Флорыда) і вернуты ў музей. Лёс “Арлінага алмаза” па сённяшні дзень невядомы.

Зорка Індыі

Хадзіце ў музеі

Для сябе я вырашыў, што абавязкова вярнуся ў Музей Натуральнай Гісторыі яшчэ не адзін раз, каб пабачыць усю гаму багаццяў, якую захоўвае ў сабе гэтая ўстанова.

Нехта лічыць, што наведванне музеяў — нецікавая рэч. Але гэта не так. Негледзячы на тое, дзе ён знаходзіцца — у Еўропе ці ў Амерыцы, у Нью-Ёрку ці Ганцавічах. У музеях можна даведацца аб мінулым і паразважаць аб сучасным.

Любыя экспанаты могуць выклікаць захапленне, трэба толькі іх правільна прадэманстраваць. І мець адпаведны настрой, каб убачыць тое, што захоўвае сівая даўніна.

Чытайце таксама:
Беларуска ў Амерыцы расказала, як збірае народныя строі з Радзімы

Новости

Из рубрики
Top